Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Арсена́л, Рус., укр. арсена́л. Беларускае слова з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 82), дзе ў канцы XVII ст. з італ. (Шанскі, 1, А, 146) < арабск. Не зусім дакладна сцвярджэнне аб французскай крыніцы беларускага слова (Курс. суч., 166; БелСЭ, 1, 455).

Арта́й, ’араты’ (Сцяшк., Жд.). З літ. artójas (Мартынаў, Лекс. балтызмы, 17; параўн. думку Атрэмбскага пра аналагічнае паходжанне ўкр. ортай, Фрэнкель, 17).

А́ртус ’пасвячоны пасхальны хлеб’ (Рам.). Рус. артос, дыял. артус, укр. артус ’тс’. Ст.-рус. артусъ з XII ст. з грэч. ἄρτος ’хлеб’, уласна ’прыгатаванае’ ад ἀρτύω ’рыхтую’ (Фасмер, 1, 89). Параўн. аркуш 2.

Арты́кул ’невялікае сачыненне, частка дакумента; тып вырабу’ (БРС, КТС, Касп., Нас.). У старабеларускай пісьменнасці ўжо з 1388 г. у форме артыкулъ ’частка дакумента’ з лац. articulus (Гіст. мовы, 1, 53; Гіст. лекс., 110; Вясноў, Бел. лекс., 35), магчыма, праз польскую (Крапівін, Бел. лекс., 88; Гіст. лекс., 90), супраць чаго фіксацыя слова ў польскай мове з XVI ст. У «Нашай ніве» пачынаецца паслядоўнае ўжыванне слова ў значэнні ’невялікае сачыненне’ (Шакун, Гісторыя, 300), магчыма, пад польскім уплывам. Першаснае лацінскае значэнне articulus ’частка’ (ад artus член’) дало магчымасць развіць значэнне тавар’ (ням. Artikel, польск. artykuł), адкуль, напэўна, і рускае, беларускае ’тып тавару’ (Шанскі тлумачыць рус. артикул ’тып тавару’ як семантычнае ўтварэнне на базе значэння ’параграф’ у XX ст. — 1, А, 148, аднак гэта не вельмі пераканаўча, таму што ў рускай значэнне ’параграф’ у той час не было пашырана: ужо Даль адзначаў яго як архаічнае).

Артыле́рыя. У XIX ст. (Гіст. лекс., 245) ці пач. XX ст. (Гіст. мовы, 2, 148) з рус. (Крукоўскі, Уплыў, 82; Курс. суч., 166), дзе з 1695 (Шанскі, 1, А, 149–150; Фасмер, 1, 89). Яшчэ Тацішчаў лічыў, што гэта слова з польскай ці лацінскай (Вінаградаў, Очерки, 58). Магчыма, што слова было вядома ў беларускай і раней XIX ст.; у польскай мове яно з’явілася не раней XVII ст., як і ў нямецкай. Крыніцай польскага слова магло быць франц. artillerie (SWO). На іншыя магчымыя крыніцы рускага і польскага слоў указвае Біржакава, 102, у сувязі з рознымі фанетычнымі варыянтамі рускага слова ў канцы XVII — пачатку XVIII ст.

Арты́ст. У XIX ст. з польск. artysta — бел. артыста ’мастак’ (Нас.), адкуль такія словы, як артызм (Гіст. мовы, 2, 240). Пад рускім уплывам у XX ст. усякаецца ‑а на канцы слова і замацоўваецца сучаснае значэнне. Рус. артист (з XVIII ст. — Шанскі, 1, А, 150) з франц. artiste (Будагаў, История слов в истории общества, 77).

Артэ́па, артэ́пель ’топкае месца’ (Касп.). Няясна. Фанетыка (тэ) быццам бы ўказвае на запазычанне, але ў пскоўскіх гаворках адзначана арте́п ’канава’ (?), артёпина ’балота’, арте́пь. Таму, магчыма, трэба звязаць з рус. дыял. вертеп вялікі яр з непраходным лесам, кустаўём’, ’варонка, у якую ўваходзіць балотная вада’, вертепижина ’калдобіна’, укр. прыкарп. вертеп ’шчыліна паміж гарамі; яма; балка’, вартеп, гартопе, гертоба (Клепікава, Карпат, диал. оном., 52–93, дзе гл. агляд этымалогій і літаратуры пра вертеп), ст.-слав. въртъпъ ’пячора’, балг. въртоп ’вадаварот’, да якіх адносіцца і прыведзенае Яшкіным слаўг. вярцеп ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (аб рус. вертеп гл. арт. Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 28–40). Гл. вярцеп.

Арубе́ль. Гл. рубель.

Ару́д 1 ’засек’, гару́д (Гіст. мовы, 2, 59), ару́да (Яруш.). Рус. зах. ару́д ’тс’, польск. вільн. (h)orud ’тс’. Ст.-бел. орудъ (Гіст. лекс., 148). Беларускае (як і польскае) з літ. arúodas (Грынблат, Белор., 152; Кіпарскі, Лекс. балт., 14; Аткупшчыкоў, Лекс. балт., 32; Курс суч., 159 — у форме аруда; Гіст. лекс., 148; Урбуціс, Baltistica, V (I), 1969, 47–48). Карскі (Труды, 391) адзін з першых высунуў думку пра літоўскае паходжанне бел. аруд, лічыў беларускае слова рэдкім, без пратэтычных в або г і з неславянскім коранем. Адзначым, што ў не так ужо рэдкага беларускага слова ёсць і форма з пачатковым г‑, а таксама, што ў старабеларускай на пачатку пісалі о‑; этымалогію літоўскага слова нельга лічыць бездакорнай. Параўн. рус. орудница ’кладоўка зброі’ (ці не орудий?). Гл. Супрун, Балтийские яз., 42.

Ару́д 2 ’парушальнік грамадскіх правіл паводзін’ (КЭС, брэсц.). Магчыма, бязафіксны назоўнік ад дзеяслова арудаваць, параўн. укр. дыял. оруда ’праца, кіраўніцтва’ (застар.), ’клопат’, орудар ’верхавод’, ці не сюды ж прозвішча Арудко (Бірыла, Бел. антр., 242). Параўн. смал. а́ред ’шум, непарадак’, магчыма, звязанае з а́ред ’стары чалавек, чорт’, сувязь аруд са словам аред няпэўная (адрозненні ў фанетыцы).

Ару́на. Гл. рунь.