Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Селядо́ршы ‘сярэдні (брат або сястра)’ (Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., Кольб., Сержп., Тур.; маст., дзятл., чэрв., шчуч., лід., Сл. ПЗБ), салядо́ршы ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З серадольшы (гл.) у выніку метатэзы л і р.

Селядэ́ра. Гл. сырадэля.

Селяжо́к (silažok) ‘капітал на грошы’ (Варл.), селю́жка ‘сцёртая манета’ (ТС). Ад шэлег (гл.) у выніку распадабнення шыпячых гукаў (ж, ш → с).

Селязе́нь ‘качар’ (в.-дзв., Шатал.; віц., Шн. 1; віц., маг., гом., ЛА, 1), селезён, селезе́нь (ТС), сялезнічак (магіл., Шн. 1), се́лезень (Ян.) тс’, селязён (слуцк., стол., Жыв. св.), зелязе́нь спарад. (усх.-палес., Жыв. св.), ст.-бел. уласнае імя Мазюк Селезень (1597 г., гл. Лінгв. дасл., 145). Фіксацыя ў архаічнай зоне ўказвае на магчымасць захавання стараж.-рус. селезень, параўн. укр., рус. се́лезень ‘качар’. Этымалогіі спрэчныя. Рабіліся спробы звязаць з назвай колеру; так Праабражэнскі (2, 291) параўноўваў з селязёнка (гл.); Мацэнаўэр (LF, 19, 249) звязваў з лат. zílgans ‘сіняваты’; супраць гэтага Фасмер (3, 595), таму што пры рэканструкцыі слав. *selg‑, чакалася б рус. солог‑. Сюды ж і серб-харв. дыял. сљез, слезен, слезенка, слезињак, слезенка ‘качар’, якія Скок (Зб. Кашмідэру, 202–203) звязвае з сљез ‘мальва’, г. зн. качар названы па колеру расліны; Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66 і наст.) “каляровыя” версіі лічыць народнай этымалогіяй. Параўноўвалі яшчэ з ст.-інд. srjáti, sárjati ‘вылівае’, авест. hərəzaiti ‘выпускае, кідае, вылівае’, нова-в.-ням. selken ‘ка́паць’ (Патабня, РФВ, 2, 6; Праабражэнскі, 2, 291). Фасмер (3, 595) мяркуе аб гукапераймальным паходжанні, што, здаецца, падмацоўваецца дыялектным матэрыялам, параўн. селязе́нь (silaziéń) ‘гук у жываце некаторых коней у час бегу’: silaziéń kóchkaje pry biahú (Варл.). Гл. наступнае слова.

Селязёнка ‘каса, кроватворны орган жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 1), дыял. сало́зіца, сало́заўка ‘тс’: салозаўка грае (пра гук у жываце каня) (Ласт.). Укр. селезі́нка, рус. селезёнка, серб.-ц.-слав. слѣзена, польск. śledziona, в.-луж., н.-луж. słozyna, чэш., славац. slezina, серб.-харв. слезѝна, славен. slezȇn, slezȇna, балг. слез, сле́зен, макед. слезенка, слезина, ст.-слав. слѣзена ‘тс’. Праславянская форма ўзнаўляецца па-рознаму: *selezenь, *selzenь (Фасмер, 3, 594), *selzena (Брукнер, 531; Махэк₂, 554), *s(p)elzen‑ (Голуб-Копечны, 337). Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66–67) прапаноўвае *sьlezena, паколькі *selzena ва ўсходнеславянскіх мовах дало б *солоз‑, што якраз і мае месца ў беларускіх дыялектных формах. Роднасныя ст.-ірл. sela ‘селязёнка’, авест. spərəzan‑, лац. lien, ст.-інд. plīhán‑, грэч. σπλήν, Р. скл. σπληνός ‘селязёнка’, літ. blužnìs, ст.-прус. blusne ‘тс’ (Траўтман, 256; Мее, 169 і наст.; Фасмер, там жа). Адзіная індаеўрапейская праформа не аднаўляецца з прычыны вялікага разыходжання паміж формамі ў розных мовах. Мяркуецца і.-е. *sp(h)elĝh‑ (en, ā), *splenĝh‑, *splēgh‑ (Покарны, 987); Борысь (615) праславянскую форму выводзіць з і.-е. *spelģh‑en‑ā. Прычына разыходжанняў — моўнае табу, або марфалагічнае спрашчэнне. Параўн. селязень. Падрабязны агляд праблематыкі гл. Бязлай, 3, 260; БЕР, 6, 615.

Селяні́н ‘жыхар сельскай мясцовасці, земляроб’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк.). Укр. селяни́н, рус. селяни́н, ст.-рус. селянинъ ‘селянін, вясковы жыхар’, серб.-харв. сѐљанин ‘вясковы жыхар’, славен. selján ‘селянін, вясковы жыхар’, балг. се́лянин, макед. селанин, селанец ‘селянін’, ст.-слав. селꙗнинъ ‘земляроб’. Паводле Трубачова (Проспект, 77), прасл. *sedlʼaninъ/*sedlěninъ < прасл. *sedlo (адрознага ад *sedъlo ‘сядло’) ‘земляробчая гаспадарка з домам’ (Махэк₂, 539) з і.-е. *sedlom, роднаснага лац. sella ‘сядзенне’ < *sedlā, што мае фанетычную і словаўтваральную адпаведнасць у палеабалканскім Ἕλλα ‘назва храма Зеўса ў Дадоне’, ад якога выводзіцца племянная назва Ἕληνες, паралельная да *sedlʼane ‘сяляне’ (Трубачоў, Этимология–1980, 14–15). Гл. сяляне.

Селяпа́ць ‘хутка чэрпаць, хлябтаць’, ‘сцябаць’, сюды ж селяпа́йла (селепайла) ‘хто хутка чэрпае ложкай’ (Нас.), сіліпа́ць ‘прагна есці’ (Мат. Маг.). Параўн. ст.-слав. слѣпати ‘скакаць’. Паводле Карскага (1, 253; 2–3, 24), той жа корань, што і ў высалапіць (гл. салупаць), варыянт ⁺селепа‑/солопа‑. Буга (Rinkt., 1, 333) слав. *selpati параўноўвае з літ. išsalpinéti ‘разысціся, разбрысціся’, salpà ‘завадзь, заліў’, што ўзводзяцца да кораня *selp‑ ‘рухацца’ < і.-е. *sel‑, *sol‑ ‘моцна цячы’, звязанага чаргаваннем галосных з прасл. *salpъ ‘вадапад, паток’ (Міклашыч, 291; Фасмер, 3, 715). Параўн. сіліпаць, гл.

Селяхта́ць (селехта́ті) ‘казытаць’ (лун., Шатал.), селехта́ці ‘тс’ (Сл. Брэс.). Няясна, магчыма, гукапераймальнае, параўн.’ польск. łechtac ‘тс’, якое Брукнер (309) збліжае з łoskotać ‘тс’, гл. ласкатаць. Параўн. ляхотка.

Сем, Р. скл. сямі́ ‘лік і лічба’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. седмь, семь, семъ (Альтбаўэр). Укр. сім, Р. скл. семи́, рус. семь, Р. скл. семи́, стараж.-рус. семь, седмь, польск. siedem, палаб. siděm, каш. sėtme, в.-луж. sedom, sydom, н.-луж. sedym, чэш. sedm, славац. sedem, серб.-харв. се̏дам, славен. sédem, балг. се́дем, се́дъм, макед. седум ‘тс’, ст.-слав. седмь. Прасл. *sedmь. Гэта форма з’яўляецца вынікам змяшэння парадкавага лічэбніка *sedmъ і колькаснага *setь (аналагічна і ў ліч. pętь < pętъ, šestь < šestъ); падрабязна гл. Семерэньі, ВЯ, 1967, № 4, 9 і наст. Слав. *setь заканамерна працягвае і.-е. *septṃ‑, параўн. літ. septynì, лат. septiņi, ст.-інд. saptá, грэч. έπτά, лац. septem, ням. sieben ‘тс’; гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Вальдэ-Гофман, 2, 517 і наст. Прычыну захавання ‑d‑ у заходне- і паўднёваславянскіх мовах (параўн. выпадкі з заканамерным яго выпадзеннем plemę < *pledmę, vymę < *vydmę) і страту яго ва ўсходнеславянскіх (Карскі, 1, 352 адзначае, што д выпадае часам у помніках XI ст.) Трубяцкой (ZfslPh, 4, 375 і наст.) тлумачыць розным часам працякання працэсаў асіміляцыі і скарачэння канцавой групы зычных. Гл. таксама Борысь, 545; Сной₁, 557; Фасмер, 3, 599; Шустар-Шэўц, 1396–1397; БЕР, 6, 579; ESJSt, 13, 797; Нов. в рус. этим., 205; SEK, 4, 259–260.

Семачо́к ‘шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства першакветных, Trientalis L.’ (ТСБМ, Кіс.), седмачок (маг., гродз., Кіс.). Рус. седми́чник, польск. siodmaczek ‘тс’. Ад сем (гл.), таму што расліна большай часткай мае 7 пялёсткаў і 7 лістоў (Нейштадт, Определитель, 440).