Селязе́нь ‘качар’ (в.-дзв., Шатал.; віц., Шн. 1; віц., маг., гом., ЛА, 1), селезён, селезе́нь (ТС), сялезнічак (магіл., Шн. 1), се́лезень (Ян.) тс’, селязён (слуцк., стол., Жыв. св.), зелязе́нь спарад. (усх.-палес., Жыв. св.), ст.-бел. уласнае імя Мазюк Селезень (1597 г., гл. Лінгв. дасл., 145). Фіксацыя ў архаічнай зоне ўказвае на магчымасць захавання стараж.-рус. селезень, параўн. укр., рус. се́лезень ‘качар’. Этымалогіі спрэчныя. Рабіліся спробы звязаць з назвай колеру; так Праабражэнскі (2, 291) параўноўваў з селязёнка (гл.); Мацэнаўэр (LF, 19, 249) звязваў з лат. zílgans ‘сіняваты’; супраць гэтага Фасмер (3, 595), таму што пры рэканструкцыі слав. *selg‑, чакалася б рус. солог‑. Сюды ж і серб-харв. дыял. сљез, слезен, слезенка, слезињак, слезенка ‘качар’, якія Скок (Зб. Кашмідэру, 202–203) звязвае з сљез ‘мальва’, г. зн. качар названы па колеру расліны; Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66 і наст.) “каляровыя” версіі лічыць народнай этымалогіяй. Параўноўвалі яшчэ з ст.-інд. srjáti, sárjati ‘вылівае’, авест. hərəzaiti ‘выпускае, кідае, вылівае’, нова-в.-ням. selken ‘ка́паць’ (Патабня, РФВ, 2, 6; Праабражэнскі, 2, 291). Фасмер (3, 595) мяркуе аб гукапераймальным паходжанні, што, здаецца, падмацоўваецца дыялектным матэрыялам, параўн. селязе́нь (silaziéń) ‘гук у жываце некаторых коней у час бегу’: silaziéń kóchkaje pry biahú (Варл.). Гл. наступнае слова.