Селязёнка ‘каса, кроватворны орган жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 1), дыял. сало́зіца, сало́заўка ‘тс’: салозаўка грае (пра гук у жываце каня) (Ласт.). Укр. селезі́нка, рус. селезёнка, серб.-ц.-слав. слѣзена, польск. śledziona, в.-луж., н.-луж. słozyna, чэш., славац. slezina, серб.-харв. слезѝна, славен. slezȇn, slezȇna, балг. слез, сле́зен, макед. слезенка, слезина, ст.-слав. слѣзена ‘тс’. Праславянская форма ўзнаўляецца па-рознаму: *selezenь, *selzenь (Фасмер, 3, 594), *selzena (Брукнер, 531; Махэк₂, 554), *s(p)elzen‑ (Голуб-Копечны, 337). Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66–67) прапаноўвае *sьlezena, паколькі *selzena ва ўсходнеславянскіх мовах дало б *солоз‑, што якраз і мае месца ў беларускіх дыялектных формах. Роднасныя ст.-ірл. sela ‘селязёнка’, авест. spərəzan‑, лац. lien, ст.-інд. plīhán‑, грэч. σπλήν, Р. скл. σπληνός ‘селязёнка’, літ. blužnìs, ст.-прус. blusne ‘тс’ (Траўтман, 256; Мее, 169 і наст.; Фасмер, там жа). Адзіная індаеўрапейская праформа не аднаўляецца з прычыны вялікага разыходжання паміж формамі ў розных мовах. Мяркуецца і.-е. *sp(h)elĝh‑ (en, ā), *splenĝh‑, *splēgh‑ (Покарны, 987); Борысь (615) праславянскую форму выводзіць з і.-е. *spelģh‑en‑ā. Прычына разыходжанняў — моўнае табу, або марфалагічнае спрашчэнне. Параўн. селязень. Падрабязны агляд праблематыкі гл. Бязлай, 3, 260; БЕР, 6, 615.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)