Астры́жань ’стрыжань’ (Нас.). А‑ мае пратэтычны характар перад спалучэннем зычных у стрыжань (гл.). Адсюль і астрыжо́нак ’асяродак у хвоі, нарыве’ (Янк. Мат., Сцяшк., Др.-Падб.); для націску трэба ўлічыць стрыжэ́нь галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.). Параўн. зафіксаванае Насовічам астры́жанак ’стрыжань дрэва, які застаецца пасля ашчыпання лучыны’ (остриженокъ) ці ’маладое сукаватае дрэва ці бервяно’ (астриженокъ). Магчыма, аднак, і іншае паясненне некаторых значэнняў слова астрыжанак (гл.).
Астрыжо́нак ’коратка астрыжаны хлопец ці дзяўчына’ (Сцяц.). Нармальнае для беларускай мовы ўтварэнне астры́жанак, Таму тут, відаць, асновай было слова астрыжо́ны, якое суадносіцца з дзеясловам астрыгчы, але, магчыма, было запазычана з польск. ostrzyżony (з узнаўленнем р на месцы ш).
Астры́ца ’гарыца; расліна Sagina L.’ (Кіс., Інстр. II). Названа так (паводле вузкіх лісцяў, з шыпом у канцы) ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксам ‑ica. Ад гэтага ж кораня, але з суфіксам ‑ушка ўтворана аструшка ’сінюха; расліна Polemonium L.’ (Кіс.). Назвы раслін з коранем *ostr‑ сустракаюцца і ў іншых славянскіх мовах, у тым ліку з суфіксам ‑ica (рус. острица, укр. остриця ’Asperugo’ і г. д., гл. Махай, Jména rostl., паказчыкі).
Астрэ́шыць, остре́шить ’пакрыць хату саломай’ (Шушк.). Дзеяслоў утвораны цыркумфіксам о‑ — ‑ити ад стреха ’страха’ (гл. страха). Адсюль і остришнык (Клім.) ’саламяны снопік, які ідзе ў ніжні рад для пакрыцця страхі’: стреха — острешие — острешьный — острешник.
Астэ́кл ’зусім дурны’ (мсцісл., вусн. паведамл. А. А. Крывіцкага). Рус. ярасл. остекле́л ’ашалеў’, укр. зах. остеклий злосны, шалёны’, польск. wściekły ’шалёны’. Нерэгулярнасць беларускай фанетыкі можа сведчыць пра нейкія кантамінацыі ці іншамоўныя (паводле А. Я. Міхневіча, вусн. паведамл. — ідыш) уплывы. Аднак наяўнасць адпаведнікаў на зусім розных рускіх і ўкраінскіх арэалах можа ўказваць на захаванне ў беларускай мове старажытнага слова, што абазначала шалёнага. Польскае слова звязана з коранем ciek‑ ’цячы’; пра семантычнае развіццё Гуер, LF, LVII, 522–528; Слаўскі, 1, 99; Брукнер, 61. З гэтым жа коранем, відаць, звязаны і ўсходнеславянскія словы. Семантыка развівалася ці паводле ст.-рус. течи ’хутка бегчы’, ці паводле течи ’бегчы (пра вадкасць)’ у сувязі з тым, што ў шалёных жывёл цячэ сліна.