Астэ́кл ’зусім дурны’ (мсцісл., вусн. паведамл. А. А. Крывіцкага). Рус. ярасл. остекле́л ’ашалеў’, укр. зах. остеклий злосны, шалёны’, польск. wściekły ’шалёны’. Нерэгулярнасць беларускай фанетыкі можа сведчыць пра нейкія кантамінацыі ці іншамоўныя (паводле А. Я. Міхневіча, вусн. паведамл. — ідыш) уплывы. Аднак наяўнасць адпаведнікаў на зусім розных рускіх і ўкраінскіх арэалах можа ўказваць на захаванне ў беларускай мове старажытнага слова, што абазначала шалёнага. Польскае слова звязана з коранем ciek‑ ’цячы’; пра семантычнае развіццё Гуер, LF, LVII, 522–528; Слаўскі, 1, 99; Брукнер, 61. З гэтым жа коранем, відаць, звязаны і ўсходнеславянскія словы. Семантыка развівалася ці паводле ст.-рус. течи ’хутка бегчы’, ці паводле течи ’бегчы (пра вадкасць)’ у сувязі з тым, што ў шалёных жывёл цячэ сліна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)