Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скундзя́біцца ‘сагнуцца’ (Сл. Брэс.), скундзя́біцца, скондзя́біцца ‘змарнець, зніякавець’ (ТС), скундзёбіцца ‘сагнуцца’ (Сцяшк. Сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з няяснай зыходнай формай, параўн. кундзя́баць ‘шкандыбаць’, што, відаць, праз стадыю *кундзяба ўзыходзіць да кундзя ‘тоўстая непаваротлівая жанчына’, ку́ндзеву, ку́ндавы ‘худы, змарнелы’ (ТС), паходжанне якіх спрэчнае (гл.). Параўн. укр. скандзю́бити ‘скурчыць, звесці’, якое прыводзіць у сваім «Словаре украинского наречия» Шымкевіч, відаць, з с‑ка‑н‑дзюба (гл. дзюба), дзе с‑ і ка‑ прыстаўкі, а ‑н‑ — інфікс. У беларускім слове адбылася метатэза а — уу — а.

Ску́пелець ‘згарэць’ (ТС). Ад купіць, купець (гл.) з нарашчэннем ‑ел‑ або праз прамежкавы назоўнік *скупель ‘тое, што згарэла’.

Ску́піцца ‘сабрацца ў гурт, злучыцца ў кампанію’ (Нік., Оч., 2, Варл.), ску́пытысь ‘тс’ (Клім.), ст.-бел. скупити ‘сабраць, злучыць’ (Ст.-бел. лексікон). Да купа (гл.), параўн. вытворныя ску́пка ‘група, гурт’, скупо́ўвацца ‘збірацца ў купу (ТС).

Скупы́ ‘празмерна ашчадны (пра чалавека)’, ‘няпоўны (пра памер)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ), скупу́ ‘тс’ (ТС), скупэ́й ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), скупы́й ‘тс’ (Бяльк.). Укр. скупи́й, рус. скупо́й, ст.-рус. скупъ, польск. skąpy, в.-луж. skupje ‘скупа, недастаткова’, н.-луж. skupé ‘тс’, чэш. skoupý, славац. skúpy, серб.-харв. ску̑п ‘дарагі; скупы’, славен. skọ̑p ‘скупы’, балг. скъп ‘дарагі, скупы’, макед. скап, ст.-слав. скѫпъ. Прасл. *skǫpъ не мае агульнапрынятай этымалогіі. Пашыраная гіпотэза — ад і.-е. *skom‑, якое ў аскома, шчымець (гл.) з фармантам ‑p; гл. Брукнер, 493; Голуб-Копечны, 334; Скок, 3, 273; Шустар-Шэўц, 1299. Ад і.-е. каранёў са значэннем ‘рэзаць’ утвараюць Младэнаў (588) (< *sek‑) і Сной₁ (574) (< *skap‑ < *skep‑). Іншыя супастаўленні, напрыклад, з літ. kum̃pas ‘крывы’, kum̃pti, kumpstú ‘выгінацца’, грэч. καμπή ‘выгін’ (Цупіца, Gutturale, 108), або Махэка₂ (548) з рус. гоно́бить, гоноши́ть ‘капіць, збіраць’ лічацца сумніўнымі; гл. Фасмер, 3, 662. Агляд этымалагічных версій гл. яшчэ БЕР, 6, 817–818.

Скупянда́ (скупінда́) ‘скупы, сквапны чалавек, скнара’ (ТСБМ, Барад.), скупе́нда ‘тс’ (ТСБМ, ТС, Марц.), скупе́ндра ‘тс’ (саліг., Сл. нар. фраз.), скупенджа́, скупя́нджа ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Мат. Гом.), скупяндзя́ (скупіндзя́) ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), скупындя́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), скупэ́ндзя ‘тс’ (Гіл.), скупяндзе́й, скупендзя́й ‘тс’ (Ласт., Растарг.); скупярда́ (скупірда́) ‘тс’ (Бяльк.), скупярдзя́ (Байк. і Некр.), скупірдзя́га ‘тс’ (Бяльк., Сержп.), скупярдзя́ка (скупірдзя́ка) ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп., Ян., Бяльк., Мат. Гом.), скупердзя́й ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. скупе́нда, скупе́ндра, скупи́ндя, скупердя́, скупердя́га, скупердя́ка, скупердя́й ‘тс’, рус. скупиндя́, скупендзя́й, скупердя́й ‘тс’. Утварэнні ад скупы (гл.) з рознымі экспрэсіўнымі суфіксамі ад асноў на ‑н‑ і ‑р‑, якія ўвайшлі ў склад суфіксаў, параўн. балг. дыял. скъ́пен ‘дарагі’ і скъпе́рник ‘хто дорага прадае’, ‘скупердзяй’, скъпинджо́свам се ‘скупіцца і пад. Карскі (2–3, 30) гук д узводзіў да кораня dē‑ ў суфіксе ‑ендзе́й (скупяндзей), а суфікс ‑ірдзя́й (скупірдзяй) лічыў другасным, а яшчэ раней (2–3, 27) выводзіў першы з іх з польскай мовы, што не мае падстаў, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Ску́ра ‘верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы’, ‘вырабленая шкура жывёлы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3). Ва ўсходнеславянскіх помніках скура з’яўляецца пасля XVI ст., да XV ст. — ст.-бел. скора (Ст.-бел. лексікон). З прычыны наяўнасці ‑у‑ лічыцца запазычаннем з польск. skóra (Карскі, Белорусы, 146; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 56), таксама як чэш. дыял. skura і рус. шкура (Махэк₂, 547; Фасмер, 4, 451). Польскае слова, як і формы з каранёвым ‑о‑ (гл. скорка) працягваюць прасл. *skora, вытворнае ад і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’.

Скура́нік, скура́нка ‘кажан’ (вільн., трак., Сл. ПЗБ). Да скура(ны) (гл.).

Скурапе́жка ‘кавалак тонкага сала’ (Касп.). Відавочна, ад скарупа (гл.) з метатэзай галосных пад уплывам ску́ра. Паколькі суф. ‑еж‑ утварае назоўнікі ад дзеяслоўных асноў (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 36), трэба дапусціць існаванне дзеяслова *скарупіць.

Скура́т1 ‘акравак скуры’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Янк., Сл. ПЗБ). Польск. skurat, рус. шкура́т ‘тс’. Да скура (гл.) з суф. ‑ат; гл. Карскі 2-3, 30; Фасмер, 4, 45.

Скура́т2 ‘кажан’ (слонім., лід., Арх. Федар.; воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.; гродз., докш., івян., воран., ЛА, 1), скура́ч ‘тс’ (свісл., Шатал.), шкура́т ‘тс’ (ганц., глус., мазыр., ЛА, 1). Да папярэдняга слова; відаць, арэальная інавацыя, параўн. літ. šikšnys ‘кажан’ < šikšna ‘скура’, аналагічна да кажан < кожа ‘скура’.

Ску́раць ‘здабыць, атрымаць з хітрасцю’ (ТС), ску́ратэ ‘быць пабітым’ (брэсц., Нар. лекс.). З польск. skórać, skurać, wskórać ‘дабіцца, атрымаць, выстарацца’, у тым ліку ‘атрымаць (пакаранне)’, якое Брукнер (634) выводзіць ад korykorzyści (гл. карысць).