Ску́ра ‘верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы’, ‘вырабленая шкура жывёлы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3). Ва ўсходнеславянскіх помніках скура з’яўляецца пасля XVI ст., да XV ст. — ст.-бел. скора (Ст.-бел. лексікон). З прычыны наяўнасці ‑у‑ лічыцца запазычаннем з польск. skóra (Карскі, Белорусы, 146; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 56), таксама як чэш. дыял. skura і рус. шкура (Махэк₂, 547; Фасмер, 4, 451). Польскае слова, як і формы з каранёвым ‑о‑ (гл. скорка) працягваюць прасл. *skora, вытворнае ад і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)