Скупы́ ‘празмерна ашчадны (пра чалавека)’, ‘няпоўны (пра памер)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ), скупу́ ‘тс’ (ТС), скупэ́й ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), скупы́й ‘тс’ (Бяльк.). Укр. скупи́й, рус. скупо́й, ст.-рус. скупъ, польск. skąpy, в.-луж. skupje ‘скупа, недастаткова’, н.-луж. skupé ‘тс’, чэш. skoupý, славац. skúpy, серб.-харв. ску̑п ‘дарагі; скупы’, славен. skọ̑p ‘скупы’, балг. скъп ‘дарагі, скупы’, макед. скап, ст.-слав. скѫпъ. Прасл. *skǫpъ не мае агульнапрынятай этымалогіі. Пашыраная гіпотэза — ад і.-е. *skom‑, якое ў аскома, шчымець (гл.) з фармантам ‑p; гл. Брукнер, 493; Голуб-Копечны, 334; Скок, 3, 273; Шустар-Шэўц, 1299. Ад і.-е. каранёў са значэннем ‘рэзаць’ утвараюць Младэнаў (588) (< *sek‑) і Сной₁ (574) (< *skap‑ < *skep‑). Іншыя супастаўленні, напрыклад, з літ. kum̃pas ‘крывы’, kum̃pti, kumpstú ‘выгінацца’, грэч. καμπή ‘выгін’ (Цупіца, Gutturale, 108), або Махэка₂ (548) з рус. гоно́бить, гоноши́ть ‘капіць, збіраць’ лічацца сумніўнымі; гл. Фасмер, 3, 662. Агляд этымалагічных версій гл. яшчэ БЕР, 6, 817–818.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)