Скару́па ‘шкарупа, струп’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘шкарупіна’ (Ласт.), скору́па ‘шарпак’ (беласт., Сл. ПЗБ), скару́ба ‘тс’ (там жа), скару́пка (Нас.), ‘скурка, шкарлупка’ (Ласт.), ‘струпок’ (Байк. і Некр.), скару́пнуць ‘пакрывацца струпам; засыхаць, пакрывацца як бы карою (гаворыцца аб нечым мяккім)’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. скорупа, шкорупа ‘чарапок’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шкарупа, шкарлупіна. Ст.-бел. скорупа, шкорупа з ст.-польск. skorupa, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 103; яшчэ раней такую думку выказаў Карскі (Белорусы, 149). Пытанне аб паходжанні слоў з ‑б‑ і ‑п‑ застаецца да канца не высветленым. Яны несумненна суадносяцца з прасл. *koruba/*korupъ. Трубачоў (ЭССЯ, 11, 105) на падставе ко́руп ‘скінутая гадзюкай ці вужом скура ў час лінькі’ (шальч., Сл. ПЗБ) узнаўляе прасл. *korupъ, на фоне якога формы з ‑b‑ разглядаюцца як другасныя, узнікшыя ў выніку азванчэння (“аслаблення”) першапачатковага ‑p‑, параўн. серб. кору̀пина ‘кара, кажура, шалупінне’, макед. корупка ‘скурка, кажура, шкарлупа’ і інш. У сувязі з гэтым пытанне аб запазычанні з польскай уяўляецца спрэчным, паколькі гэтыя словы ўзаемадзейнічаюць з блізкімі па семантыцы кантынуантамі прасл. *skorolupa (гл. шкарлупа). Адсутнасць паўнагалосся Карскі (1, 255) тлумачыў недастаткова высветленымі акцэнтнымі прычынамі або пропускам ненаціскнога галоснага. Прасл. *skorupa (побач з *skorupъ, *skorъpa) узнаўляецца на падставе ўкр. шкору́па ‘цвёрдая скарынка на зямлі’, польск. skorupa ‘шкарлупіна, панцыр, чарапок, цвёрдая абалонка зямлі, шарпак’, чэш. дыял. škorupa, škorapa ‘тс’, славац. дыял. skorupa, škorupa, в.-луж. skorpawa, škorpawa ‘шалупіна, скурка, кара’, н.-луж. škórpina ‘тс’, серб.-харв. ско̏руп ‘плёнка на гарачым малацэ’ (гл. Сной у Бязлай, 3, 246–247).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)