Скупянда́ (скупінда́) ‘скупы, сквапны чалавек, скнара’ (ТСБМ, Барад.), скупе́нда ‘тс’ (ТСБМ, ТС, Марц.), скупе́ндра ‘тс’ (саліг., Сл. нар. фраз.), скупенджа́, скупя́нджа ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Мат. Гом.), скупяндзя́ (скупіндзя́) ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), скупындя́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), скупэ́ндзя ‘тс’ (Гіл.), скупяндзе́й, скупендзя́й ‘тс’ (Ласт., Растарг.); скупярда́ (скупірда́) ‘тс’ (Бяльк.), скупярдзя́ (Байк. і Некр.), скупірдзя́га ‘тс’ (Бяльк., Сержп.), скупярдзя́ка (скупірдзя́ка) ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп., Ян., Бяльк., Мат. Гом.), скупердзя́й ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. скупе́нда, скупе́ндра, скупи́ндя, скупердя́, скупердя́га, скупердя́ка, скупердя́й ‘тс’, рус. скупиндя́, скупендзя́й, скупердя́й ‘тс’. Утварэнні ад скупы (гл.) з рознымі экспрэсіўнымі суфіксамі ад асноў на ‑н‑ і ‑р‑, якія ўвайшлі ў склад суфіксаў, параўн. балг. дыял. скъ́пен ‘дарагі’ і скъпе́рник ‘хто дорага прадае’, ‘скупердзяй’, скъпинджо́свам се ‘скупіцца і пад. Карскі (2–3, 30) гук д узводзіў да кораня dē‑ ў суфіксе ‑ендзе́й (скупяндзей), а суфікс ‑ірдзя́й (скупірдзяй) лічыў другасным, а яшчэ раней (2–3, 27) выводзіў першы з іх з польскай мовы, што не мае падстаў, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)