Стрэ́дні ‘дваюрадны’ (ТС), стрэ́нні ‘тс’ (Янк. 3.; пух., З нар. сл.), стры́нні ‘тс’ (Бузук., Паўд.-бел.). Пераасэнсаваны пад уплывам стрэ́ча ‘ступень роднасці’ (< стрэ́чны ‘дваюрадны’) прыметнік стрыечны (гл.), параўн. брат (сястра) у першай стрэчы (у першым стрэчанні, стрэнні), у другім стрэнні брат; браты першага стрэння (Пан.), што з’яўляецца вынікам аманіміі з стрэча ‘сустрэча’ (Янк. 2, 169), дн < нн у выніку дысіміляцыі. Гл. стрый, стрэча 2.
Стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Касп., Байк. і Некр.), ‘страляніна, стральба’ (Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. стріл ‘выстрал’, дыял. стрел ‘страляніна’, польск. strzał ‘выстрал’, ‘адлегласць, на якую разлічаны выстрал’, славен. strel ‘выстрал’. Поствербальнае ўтварэнне ад *strěliti ‘стрэліць’, ітэратыў *strělʼati, гл. страляць. Аддзеяслоўны назоўнік ст.-бел. стреленье ‘адзінка вымярэння адлегласці выстралу, роўная 60–80 м; выстрал’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. польск. strzelenie ‘адлегласць выстралу’, славац. strelenie ‘выстрал, адлегласць выстралу’, славен. streljaj ‘адлегласць выстралу, дыстанцыя стральбы’ і інш., што, магчыма, адлюстроўваюць цэнтральнаеўрапейскі ваенны тэрмін, параўн. ням. Schuß ‘стрэл’, Schußbereich ‘дальнасць выстралу’ (ад schießen ‘страляць’).
Стрэ́ліца ‘стрэлкаліст, Sagittaria L.’ (Байк. і Некр., Кіс.), стрэлі́ца ‘вага ў студні з жураўлём’ (добр., ДАБМ, камент., 809). Да страла 1 (гл.) з-за знешняга падабенства; да словаўтварэння параўн. славен. strelica ‘страла’. Этымон адлюстраваны і ў навуковай назве расліны, суадноснай з лацінскай, параўн. sagitta ‘страла’.
Стрэ́лка 1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла 1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.
Стрэ́лка 2 ‘страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.
Стрэ́лкі мн. л. ‘расліна Capsella bursa pastoris (L)’ (Кіс., Гарэц., Байк. і Некр.). Да стрэлка 1 (гл.) па форме плодзікаў.
Стрэль ‘род’: як трэця стрэль, то можна ісці замуж (Сл. рэг. лекс.). Пераасэнсаванае *стрэнь ‘роднасць’, параўн. у другім стрэнні ‘траюрадны’ (Пан.), што да стрыечны, стрэча 2 (гл.), параўн. стрэдні, гл.
Стрэ́льба ‘ручная агнястрэльная зброя з доўгім ствалом’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС), ‘паляўнічая зброя’ (Пятк. 1), стрэ́лбла ‘тс’ (рэч., Яшк. Мясц.), стральба́ ‘тс’ (Нас., Шымк. Собр.). Параўн. укр. стре́льба ‘тс’, польск. strzelba ‘тс’, якое, па сведчанні Брукнера (522), першапачаткова значыла ‘страляніна’, а ‘гатунак зброі’ пачало абазначаць з XVII ст. Рэгіянальная інавацыя, магчыма, узнікшая на базе польскай мовы, параўн. польск. strzelba ‘страляніна, кананада’, балг. стрелба́ ‘стральба’, макед. стрелба ‘тс’ і пад.
Стрэ́льня ‘вежа ў паглыбленні з байніцамі’ (Гарэц., Др.-Падб.). Да стрэ́ліць (гл. страляць) з суф. ‑н‑.
Стрэ́м’е ‘незамёрзлае месца на ледзяной паверхні рэчкі’ (ПСл). Гл. страміна.