Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вотліг ’адліга’ (Бяльк.). Гл. адліга.

Во́тлынь ’затока’ (Яшк., слаўг.). Утварэнне ад дзеяслова *атлынуць; параўн. адлынуць ’атхлынуць’ (Бяльк.) з суф. ‑jь або з *вотхлынь, якое з адхлынуць; параўн. маг. атхлань (гл.).

Во́тмаладзь ’зараснік маладых парасткаў на бярозавых, альховых высеках’ (Яшк., жыт.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *атмаладзіць; параўн. польск. odmłodzić.

Во́тмеле ’пясчаная каса ў рацэ’ (Яшк.). Гл. водмель.

Во́тмут, вотмуць ’вір на рацэ; глыбокае месца ў рацэ ці возеры’ (Яшк., слаўг., цэнтр. і ўсх. Палессе). Польск. odmęt ’тс’, палаб. тапонім Votmąt. Аднакаранёвае і вомут (гл.) (Талстой, Георг., 214); з ot‑ і ‑męt.

Во́тмык ’глыбокае месца ў рацэ, дзе раней быў млын’ (Яшк., слаўг.). Няясна. Магчыма, нейкае пераўтварэнне з вотмут, вотмыт, але канкрэтны шлях незразумелы.

Во́тмыт ’вір, яма; вельмі глыбокае месца ў рацэ ці возеры’ (Яшк., слаўг.). Відавочна, з вотмут (гл.), у адпаведнасці з народнай этымалогіяй суаднесенага з мыць, вымываць.

Во́траніца ’адгароджанае бярвеннямі месца для ссыпу мякіны ў таку’ (Шатал.). Ад вотраны (гл. вотрыны) з суф. ‑іца.

Во́труб’е (БРС, Нас., Касп., Мядзв.), во́траби ’вотруб’е’ (Грыг.), во́трубы ’высеўкі’ (Сцяшк.). Рус., укр. о́труби, ст.-рус. отруби, польск. otręby, otręba (каля 1500 г.), чэш. otruba, славац. otruby, в.-луж. wotruby, н.-луж. wótšuby, каш. otrąbë, серб.-харв. otrubi, славен. otrȏbi. Прасл. *otrǫba, otrǫbi. Да рубіць (гл.), літаральна ’тое, што адсечана ад зерня’ (гл. Праабражэнскі, 1, 670; Фасмер, 3, 173; Махэк₂, 423; Брукнер, 386 і наст.). Міклашыч (228) і Шпэхт (267) мяркуюць, што слова роднаснае цярэць і ўтворана ад адпаведнай асновы з дапамогай суф. ‑ǫbь. Машынскі (Pierw., 318) падтрымлівае гэту этымалогію, спасылаючыся на рус. вы‑торкі ’вотруб’е’. Апошняя версія, прымальная ў семантычных адносінах, мала верагодна з пункту погляду словаўтварэння.

Во́трыны, вотрана ’адходы пры ачыстцы зерня’ (Яруш., Касп., Бяльк., Мядзв., Шн., Жд., 1, Шатал.), во́трына ’пустыя каласы і дробная салома, якія застаюцца пасля малацьбы’ (Нік., Оч., 102), Рус. во́тря, во́трина ’тс’, укр. три́ни ’перацёртая салома’, польск. trzyny ’апілкі’, чэш. oteřiný, tříny (sena) ’дробныя рэшткі сена, якія рассыпаліся’, славац. oteriny ’апілкі’, серб.-харв. три̏не ’мякіна’, славен. trica ’адходы пры ачыстцы льну’, балг. три́ци ’мякіна’. Прасл. trina, trini (параўн. літ. trinù, trìnti ’праціраць, пілаваць, зношваць адзежу’, лат. trinu, trît ’тс’. Да terti (гл. цярэць) (Праабражэнскі, 2, 167; Фасмер, 3, 172; Брукнер, 579; Махэк₂, 658 і наст.). Семантыка і словаўтварэнне іншаславянскіх адпаведнікаў сведчаць супраць гіпотэзы Тапарова (Прус., 174) аб магчымасці аднясення рус. і бел. слоў да кораня *vě(ja)ti (г. зн. вотрыны ’тое, што адвеяна’; параўн. рус. отве́й, отве́в ’дробнае шалупінне, якое атрымліваецца пры веянні’) і выдзялення тут суф. ‑tr‑. Да кораня ter‑, як мяркуе Кошалеў, адносіцца рус. трын-трава (ЕіЛ, 19, 4, 105). Адносна форм без ‑ін‑ гл. атора.