Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́жаг, вожыг ’дзяржанне вілак, качаргі, памяла і г. д.’; ’палка з вострым канцом’ (Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Сцяц.); ’палка з апаленым канцом’ (Бяльк.). Рус. о́жег, о́жог, о́жиг ’палка, якая ўжываецца замест качаргі’, укр. о́жог, о́жуг ’тс’, польск. ożeg, каш. ožåk, чэш., славац. ožeh, дыял. vožėk ’дзяржанне вілак, качаргі; палка, якой разграбаюць вуголле’, серб.-харв. ȯžeg ’тое, чым разграбаюць агонь’; славен. ožèg ’качарга; палка з апаленым канцом’, макед. ожег ’жалезная качарга’, балг. дыял. ожег ’качарга’. Прасл. ožegъ, ožogъ першапачаткова ’палка з апаленым канцом’. Да жгу, жэгчы (Махэк₂, 424; Брукнер, 388). Параўн. ажагі.

Во́жжы ’лейцы’ (Бяльк.). Адзінкавасць фіксацыі ўказвае на запазычанне з рус. вожжи. Параўн. шырока распаўсюджанае вожкі ’тс’.

Вожка, вожкі ’лейцы’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. I, Янк. II, Юрч., Бір. Дзярж., Др.-Падб., Мядзв., Маш., Маслен., Мат. Гом., З нар. сл.). Рус. вожжа́, во́жжи, укр. ві́жка, польск. дыял. wodze ’вузда’, славен. vȏjka, славац. vodzka. Большасць даследчыкаў як зыходную аднаўляюць форму *vodi̯a (ад voditi) (Праабражэнскі, 1, 90; Фасмер, 1, 332; Махэк₂, 572; Брукнер, 629; Міклашыч, 376). Параўн. таксама літ. vãdžios ’лейцы, павады’, лат. važa ’павадок, ланцуг’ < vadît ’вясці’ (Фрэнкель, 1126). У гэтым выпадку беларуская форма рэканструюецца, як *vod‑i̯‑ka. Грот (Філал. раз., 2, 424) узводзіць гэта слова да вазіць, вязу, але гэтаму супярэчаць заходнеславянскія і славенская формы. У рус. мове застаецца нявытлумачаным ‑жж‑; падрабязна гл. Фасмер, 1, 332; КЭС, 63; Шанскі, 1, В, 129.

Вожык (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп.). Рус. ёж, укр. їж, ст.-рус. ожь, ожик, польск. jeż, каш. jež, в.-луж. jěž, н.-луж. jež, чэш. ježek, серб.-харв. је̑ж, славен. jež, балг., макед. еж. Прасл. ezi̯o. Роднасныя: літ. ežỹs, лат. ezis ’вожык’, ст.-в.-ням. igil (н.-в.-ням. Igel) ’вожык’, арм. ozni, грэч. ἐχῖνος ’вожык’. Далей, магчыма, роднасна грэч. ἔχις ’змяя’, арм. ’тс’, ст.-інд. áhi ’змяя’, г. зн. першапачаткова гэта была табуістычная назва ’пажыральнік змей’ (Петарсан, Kelt. Gr., 1, 99; Покарны, 144, 292 і наст.; Голуб-Копечны, 153; Фасмер, 2, 10; Махэк₂, 226; Слаўскі, 1, 572 і наст.). Другія даследчыкі асноўным значэннем протасл. ezi̯o лічаць ’калючы’ і ўзводзяць да і.-е. кораня *egh‑ ’калоць, пракалоць’ (Бернекер, 266 і наст.; Праабражэнскі, 1, 212 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299; Шанскі, 1, Д, 252; там жа падрабязна гл. літаратуру). Аб пачатковым о‑ ва ўсходнеславянскіх мовах гл. Шахматаў, Очерк, 141; Ільінскі, Slavia, 2, 232 і наст.; Бернштейн, Фонетика, 225 і наст.