Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́н1 прысл. ’прэч’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., КЭС). Рус. вон, ст.-слав. вънъ, балг. вън, макед. вон ’звонку’, серб.-харв. ва̏н, слав. vèn, чэш. ven, славац. von, ст.-польск. wen, в.-луж. won, н.-луж. wen. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-інд. vánam ’лес’, ст.-інд. месн. скл. адз. л. vánē ’ў лесе’. Параўн. аналагічныя літ. laũkan ’прэч, вон’, laukè ’звонку’, якія паходзяць з laũkas ’поле’ (Гл. Зубаты, Studie, 2, 196–198; Гуйер, Введение, 101; Фасмер, 1, 225). Прасл. vъnъ першапачаткова, напэўна, уяўляла сабой він. скл. назоўніка; яно з’явілася яшчэ ў той час, калі дом і вёску акружаў лес, і абазначала паняцце, процілеглае паняццю ’дома, у хаце’ (Шанскі, 1, В, 158; Махэк₂, 683). Іншыя гіпотэзы менш пераканаўчыя; Траўтман (360) узводзіць вънъ да ст.-прус. wins ’паветра’, winna ’вонкі’, winnen він. скл. адз. л. ’пагода’, аналагічныя лат. ârā ’вон, вонкі’, літ. óras ’паветра, пагода’. Як заўважае Фасмер (там жа), у такім выпадку было б цяжка вытлумачыць рус. дыял. сво́ну ’звонку’. Прэльвіц (40), а таксама Сразнеўскі (1, 391) параўноўваюць з грэч. ἄνευ ’без, акрамя, удалечыні’, ст.-інд. anō ’не’, гоц. inu ’без’, ст.-в.-ням. āno, н.-в.-ням. ohne ’без’.

Во́н2, вона́ (займ.) ’ён, яна’ (Нас.), вонэ́ ’яны’ (Шатал.). Ад onъ з пратэт. в. Гл. ён.

Во́нах ’пах’ (Бяльк.). Ад польск. wąchać ’нюхаць’ (аб апошнім гл. Брукнер, 604) з а ўкладным для ўстаранення сцягвання зычных.

Во́нка ’вон, прэч’ (Др.-Падб.), во́нкі ’тс’ (КТС, Бяльк.). Рус. смал. во́нки ’прэч’, бранск. во́нки ’на двор’, укр. во́нка, балг. вънка, чэш. дыял. venka (j), славац. vonka. Расшырэнне вон1 ужо ў позні час пры дапамозе прыслоўных часціц ‑ка, ‑кі (Карскі 2-3, 77; Махэк₂, 683).

Во́нках ’на дварэ, звонку’ (КТС, Нас., Касп., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Шн., 2), ст.-бел. вонкахъ, н.-луж. wenkach ’на вуліцы, звонку’. З вонка, вонкі ў форме месн. скл. мн. л. (Карскі 2-3, 77; таксама Трубачоў, Слав. языкозн., 5, 189).

Во́нчык, во́чнік ’сушаніца лясная, Gnaphalium silvaticum L.’ (Кіс.). Няясна. Магчыма, ад вока, як рус. очанка ’Euphrasia’ (Фасмер, 3, 177), з першапачатковай формай вочнік, адкуль потым, як рэзультат метатэзы, вончык.

Вонь часц. ’вунь’ (Шат., Янк. III, Жд., 1; З нар. сл.), вон‑дзя ’тс’ (Касп.), воньдзека (Янк. I). Рус. вон, дыял. вонь, укр. он ’вунь, там’. Звязана з ён, яна, яно (Праабражэнскі, 1, 95; Фасмер, 1, 348). Гл. таксама вунь.

Во́нюшка ’адоніс веснавы, гарыцвет веснавы, Adonis vernalis’ (Бейл.). Да слав. voni̯a ’пах, смурод’. Дэрываты ад гэтай асновы распаўсюджаны ў славянскіх мовах для абазначэння розных раслін з рэзкім пахам. Параўн. ванючка, рус. вонючка, укр. вонючка, чэш. vonice і г. д.