Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вол (БРС, Янк. Мат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.), вюл ’вол’ (Дразд.). Рус. вол, вола́, укр. віл, вола́, ст.-рус. волъ, ст.-слав. волъ, польск. wół, в.-луж., н.-луж. woł, каш. vȯł, чэш. vůl, славац. vol, серб.-харв. во̑, славен. vòl, макед. вол. Старая аснова на ‑u; параўн. ст.-рус., ст.-слав. прыметн. волоуи. Прасл. volъ. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Мейе (242) і Вальдэ (857) звязваюць з вялікі, г. зн. ’вялікая жывёліна’ ў адрозненне ад грэч. μῆλον ’дробная жывёла’, ірл. míl, якія роднасныя малы. Менш верагодна збліжэнне Младэнава (75) з польск. wołać ’зваць’, прычым ён указвае на аналагічнае бык. Махэк₂ (703) параўноўвае з ням. schwellen ’набухаць’, што таксама няпэўна, як і супастаўленне Гараева (54) з ням. Bulle ’бык, вол’. Непрымальная версія Праабражэнскага (1, 95) з волох, г. зн. ’раманская жывёліна’. Грубор (JF, кн. 8, 13 і наст.), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 43 і наст.), выводзіць слав. volъ ад і.-е. *u̯el‑ ’ціснуць’, спасылаючыся на старажытную тэхніку пакладання, г. зн. volъcastratus, compressis tęstikulus. Менш пераканаўчая версія Якабсона (БЕР, 174), які ўзводзіць вол да *vel‑ ’валяць’ (волъ — ’жывёліна, якая павалена для кастрацыі’, паколькі валяць ’кастрыраваць’ з’яўляецца толькі рускай інавацыяй). Як праславянскую апафанічную ступень да прабалт. *velti (літ. vélti ’валяць, катаць, біць, мяць’, лат. vel̂t ’тс’) рэканструюе слова Мартынаў (БЛ, 9, 11 і наст.): *volъ ’той, хто нешта валяе, коціць, б’е’, паколькі валы выкарыстоўваліся старажытнымі славянамі для малацьбы снапоў, прычым вол цягнуў за сабой цяжкі кавалак дрэва, які выконваў функцыю біча або цэпа’. Параўн. літ. volė̃ ’драўляная калатуша’, рус. вал ’валёк’. У семантычных адносінах параўн. літ. árti ’араць’, árklas ’плуг’, arklỹs ’конь’ (Гл. таксама Фасмер, 1, 335 і наст.; Шанскі, 1, В, 146; Скок, 3, 610).

Во́лава (БРС, Яруш., Грыг., Нас., Касп., Шат.). Рус. о́лово ’волава’, ст.-рус., ст.-слав. олово ’свінец’, укр. о́лово, польск. ołów, чэш., славац. olovo, балг. о́лово, серб.-харв. о̏лово, славен. olȏv, ólovo (Далабко, ZfslPh, 3, 131), в.-луж. wołoj, н.-луж. wółoj ’свінец’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. alvás ’свінец’ лат. al̂va, al̂vs ’волава’, ст.-прус. alwis ’свінец’. Далей гэта слова збліжаюць з назвамі колераў: ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты’, лац. albus ’белы’, грэч. ἀλφός (Траўтман, 7; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Персан, 300). Іншыя гіпотэзы і літаратуру гл. Фасмер, 3, 135; Махэк₂, 413.

Во́лага ’тлушч як прыправа, а таксама варанае мяса, рыба і наогул прыправа да ежы’ (Шн., 1); ’сырое топкае месца’ (Жучкевіч, Топон., 14). Гл. валога.

Во́лак ’сухая частка дарогі паміж дзвюма рэкамі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі’ (БРС, КТС); ’вялікі браднік’ (КТС, Шат.); ’невад’ (Бяльк.); ’гужавая лясная дарога; дарога, па якой вазілі (валачылі) таварны лес на рум’ (Яшк.); ’зімняя дарога ў лесе, па якой вывозяць волакам бярвенне’ (Бяльк.); ’рыбацкая сетка — мех’ (З нар. сл.); ’рыбацкая сетка — мех на двух шастах’ (Анік., 59, Янк. I, Крыв.); ’верхні брус будынка, на які накладваюцца кроквы’ (Некр., 219); ’чалавек, які валачэ карабель’ (Др.-Падб.). Рус. во́лок ’сухая частка дарогі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі волакам’; ’гушчар, з якога зрубленае дрэва можна выцягнуць толькі волакам’; ’лясная гужавая дарога’; ’дарога’; ’плыўная сетка — мех’, укр. во́лок ’браднік’; ’вяроўка, з дапамогай якой цягнуць валамі копы сена і г. д.’; ’нерасколаты цурбан, бервяно’, польск. włok ’браднік, невад’, в.-луж. włoka ’шлейф, полаз, башмак плуга; невад’, чэш. vlak ’невад; валакуша; цягнік’, славац. vlak ’цягнік’ балг. влак ’невад’, серб.-харв. vlȃk ’цягнік; невад’, дыял. vlākȁ ’лясная дарога, па якой вывозяць дровы’ (Курціна, Этимология, 1968, 97), славен. vlȃk ’невад’, а таксама vlak, vláka ’шлях, якім перапраўляюць сена, дровы і інш. з гары ў даліну’ (Курціна, там жа). Прасл. volkъ ад *velkti > валачы (гл.) (Фасмер, 1, 341; Махэк₂, 693; Рудніцкі, 1, 468). Роднаснае літ. ãpvalkas ’адзежа, халявы ботаў’, ùžvalkas ’пакрывала’, лат. valks ’спуск вады; скразняк’, uzvalks ’верхняе плацце’, грэч. όλχός ’баразна’, лац. sulcus ’тс’ (Траўтман, 350; Мейе, Études, 223).

Во́лакі, волокы толькі мн. л. ’рэшткі несабранага збожжа пры жніве, якія чапляюцца за ногі жняі’; ’усё, што можа зачапіцца за ногі пры хадзьбе’ (З нар. сл.). Да валачыць, валаку (гл.).

Во́лас1 (БРС, Бір., Шат., Касп., КТС). Рус., укр. во́лос, ст.-слав. власъ, польск. włos, в.-луж. włós, н.-луж. łos, каш. vłos, чэш., славац. vlas, серб.-харв. вла̑с, славен. lȃs, балг., макед. влас. Прасл. volsъ. Роднасныя авест. varəsa‑ ’волас чалавека або жывёліны, асабліва на галаве’, с.-перс. vars ’волас’, ст.-інд. válśaḥ ’галінка’, магчыма, грэч. οὖλος ’кучаравы’ або λάχνη, λάχνος ’воўна’, літ. valaĩ мн. л. ’валасы конскага хваста, вуда’, а таксама ст.-рус. володь ’волас’, ц.-слав. владь, рус. дыял. во́лоть ’ніць, волас’, бел. валотка ’колас, мяцёлка проса і г. д.’ (Траўтман, 340; Лідэн, Stud., 48; Фасмер, 1, 342; Махэк₂, 693; Шанскі, 1, В, 151).

Во́лас2 ’незажываючая рана’ (Мат. Гом., Інстр. II). Рус., укр. во́лос ’гнойны нарыў на пальцы’. Параўн. і чэш. živý vlas ’ніткавы чарвяк’. Да волас1. Па павер’ю ўсе гнойныя запаленні, язвы і нарывы ўзнікаюць ад вадзянога ніткаватага чарвяка, які быццам бы ўтварыўся з конскага воласа (Дабр.). Аб сувязі з воласам гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 52 і наст. Параўн. таксама валасень.

Воласць (БРС, Нас., Бяльк., Яшк.). Рус. во́лость, укр. во́лость, ст.-рус. волость ’вобласць, тэрыторыя, дзяржава, улада’, ст.-бел. во́лость ’воласць’, ст.-слав. власть, польск. włość, чэш. vlast, славац. vlasť ’айчына’, серб.-харв. вла̑ст, славен. lȃst, род. скл. lastȋ ’уладанне, маёмасць’, балг. власт ’улада’. Прасл. volstь < voldtь (< уладаць) (Махэк₂, 693; Скок, 3, 604). Роднасныя: лат. vàlsts ’дзяржава’, літ. valsčius ’воласць’ (Траўтман, 340 і наст.; Буга, РФВ, 75, 133 і наст.; Фасмер, 1, 344). Некалькі інакш аб словаўтварэнні КЭСРЯ (65) і Шанскі (1, В, 151 і наст.), якія выводзяць ад *volda ’ўлада’ з дапамогай суф. ‑tь: *voldtь > volstь > volostь.

Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велии ’вялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.

Во́лей ’лепш’ (Нас.; Шн., 1, 431). Гл. валей.

Во́леко ’частка пустой прасторы борці, якая выдзёўбваецца коса ўверх’ (Маш.), во́лек ’частка пустой прасторы борці ад верхняга краю скразнога паза да верху’ (Анох.); ’верхняя частка калоды’ (Мат. Гом.). Гл. аталек.