Вол (БРС, Янк. Мат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.), вюл ’вол’ (Дразд.). Рус. вол, вола́, укр. віл, вола́, ст.-рус. волъ, ст.-слав. волъ, польск. wół, в.-луж., н.-луж. woł, каш. vȯł, чэш. vůl, славац. vol, серб.-харв. во̑, славен. vòl, макед. вол. Старая аснова на ‑u; параўн. ст.-рус., ст.-слав. прыметн. волоуи. Прасл. volъ. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Мейе (242) і Вальдэ (857) звязваюць з вялікі, г. зн. ’вялікая жывёліна’ ў адрозненне ад грэч. μῆλον ’дробная жывёла’, ірл. míl, якія роднасныя малы. Менш верагодна збліжэнне Младэнава (75) з польск. wołać ’зваць’, прычым ён указвае на аналагічнае бык. Махэк₂ (703) параўноўвае з ням. schwellen ’набухаць’, што таксама няпэўна, як і супастаўленне Гараева (54) з ням. Bulle ’бык, вол’. Непрымальная версія Праабражэнскага (1, 95) з волох, г. зн. ’раманская жывёліна’. Грубор (JF, кн. 8, 13 і наст.), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 43 і наст.), выводзіць слав. volъ ад і.-е. *u̯el‑ ’ціснуць’, спасылаючыся на старажытную тэхніку пакладання, г. зн. volъcastratus, compressis tęstikulus. Менш пераканаўчая версія Якабсона (БЕР, 174), які ўзводзіць вол да *vel‑ ’валяць’ (волъ — ’жывёліна, якая павалена для кастрацыі’, паколькі валяць ’кастрыраваць’ з’яўляецца толькі рускай інавацыяй). Як праславянскую апафанічную ступень да прабалт. *velti (літ. vélti ’валяць, катаць, біць, мяць’, лат. vel̂t ’тс’) рэканструюе слова Мартынаў (БЛ, 9, 11 і наст.): *volъ ’той, хто нешта валяе, коціць, б’е’, паколькі валы выкарыстоўваліся старажытнымі славянамі для малацьбы снапоў, прычым вол цягнуў за сабой цяжкі кавалак дрэва, які выконваў функцыю біча або цэпа’. Параўн. літ. volė̃ ’драўляная калатуша’, рус. вал ’валёк’. У семантычных адносінах параўн. літ. árti ’араць’, árklas ’плуг’, arklỹs ’конь’ (Гл. таксама Фасмер, 1, 335 і наст.; Шанскі, 1, В, 146; Скок, 3, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)