Восакар ’ясакар’ (Шатал.), во́сакарань ’тс’ (З нар. сл.). Гл. ясакар, у дадзеным выпадку з іншай пратэзай; параўн. рус. осокорь, выскорь ’тс’.
Во́сапа ’аса, Wespa vulgaris’ (Касп.), во́спа ’тс’ (З нар. сл., маг.). Няясна. Магчыма, як лічыць Трубачоў (Слав. языкозн., 5, 177), з *vospa, рэлікта старой метатэзы, якую знаходзім у лац. vespa ’аса’ (< *vospa) і цяперашнім ням. Wespe пры больш распаўсюджаным першапачатковым тыпу *vo(p)sa з і.-е. *uobhsā; параўн. літ. vapsà, ст.-в.-ням. wafsa. Гл. таксама аса, асва.
Восва ’аса’ (Бяльк., Гарэц., Мат. Гом., Інстр. II), восма, восва ’тс’ (Жд., 1). Гл. аса, асва.
Восем (БРС, Яруш., Бяльк., КТС, Шат.). Рус. во́семь, укр. ві́сім, ст.-рус., ст.-слав. осмь ’восем’, балг. о́съм, серб.-харв. о̏сам, славен. ósem, чэш. osm, славац. osem, польск. ośm, в.-луж. wosom, н.-луж. wosym. Прасл. *osmь ’восем’ — новаўтварэнне ад osmъ ’восьмы’, падобна šestь : šestъ, devętь : devętъ і г. д. (Праабражэнскі, 1, 99; Фасмер, 1, 231). І.‑е. *ok̑tō(u); параўн. літ. aštuonì, лат. astuôni, ст.-інд. aṣṭā́u, aṣtã́, авест. ašta, арм. utʼ, грэч. ὀκτώ, лац. octō, гоц. ahtáu, ірл. ocht, тахар. okadh (Траўтман, 15; Торп, 8; Майргофер, 1, 63). У і.-е. *ok̑tōu ’восем’ бачаць форму пар. л. ад *oketā ’барана’, першапачаткова ’чатырохзубая’ (літ-ру гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама Махэк₂, 419; Шанскі, 1, В, 170; Супрун, Числит., 11 і наст.
Во́семка ’васьмёрка ў картах’ (Гарэц., Бяльк.). Запазычанне з польск. ośemka ’тс’. Аб уплыве польскай картачнай тэрміналогіі на ўсходнеславянскую гл. Чэрнышаў, РР н. с. 11, 61.
Во́сенскі ’асенні’ (Касп.), восінскій ’тс’ (Бяльк.). Серб.-харв. јѐсе̄нски ’тс’, рус. о́сень — о́сенски ’ўсю, цэлую восень’. Да восень (гл.); з гэтай суфіксацыяй, магчыма, архаізм.
Во́сень (БРС, Нас., КТС, Бяльк., Яруш., Мал., Грыг.). Рус. о́сень, дыял. есень, укр. о́сінь, ст.-рус. осень, серб.-ц.-слав. ѥсень, польск. jesień, чэш., славац. jeseň, балг. есента́, серб.-харв. jȅcȇn, славен. jesȇn (Далабко, ZfslPh, 3, 131). Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. assanis ’восень’, гоц. asans ж. р. ’жніво’, ст.-в.-ням. aran, arn ’ураджай’ (Траўтман, 71; Мейе, Études, 432). Прасл. osenь (Слаўскі, 1, 563). Далей набліжаюць таксама да грэч. ὀπώρᾱ ’канец лета, жніво’ з *op‑osarā ’пасля жніва’ (гл. Фасмер, 3, 158; Праабражэнскі, 1, 661). Трубачоў (Дополн., 3, 159) лічыць малаверагодным набліжэнне да хец. zenn‑ ’канчаць’ у Бенвеніста (BSL, 56, 29 і наст.) і супастаўленне слав. слова з венг. ősz у Махэка₂ (176), паколькі апошняе ўзыходзіць да зусім іншай праформы. Мартынаў (Лекс. взаим., 132 і наст.) разглядае слав. слова як дэрыват ад *os‑ (бел. восць, рус. ость і г. д. ’вусікі на коласе’) з суф. ‑enь, а герм. asani як пранікненне з слав. Інакш Тапароў (Прус., 130 і наст.).
Во́сець (БРС, Касп., Янк. Мат., Янк. II, Шн., 1, Сцяшк., КЭС, ДАБМ, 827, Бір. Дзярж., Мат. Гом.). Гл. асець.
Во́сілка ’ручка вядра або чайніка’ (БРС, КТС, Янк. Мат., Янк. III, Сцяшк. МГ, Мат. Гродз.). Памяншальнае да сіло, утворанае прэфіксальна-суфіксальным спосабам; параўн. рус. оси́лок — памянш. ад сило.
Воск (БРС, Бяльк., КТС), ву͡оск (Бес.). Рус. воск, укр. віск, ст.-рус. воскъ, польск. wosk, чэш. і славац. vosk ’воск, масціка’, в.-луж., н.-луж. wosk, каш. vosk, палаб. wask, ст.-слав. воскъ, балг. во́сък, серб.-харв. во̏сак, славен. vósek. Прасл. voskъ (Махэк₂, 697). Роднаснымі з’яўляюцца літ. vãškas, лат. vasks, ст.-в.-ням. wahs, н.-в.-ням. Wachs. Магчыма, што роднасным будзе і грэч. ἰξός ’птушыны клей’ (Траўтман, 343; Фасмер, 1, 231; Клюге, 830). Торп (381) і Праабражэнскі (1, 99) лічаць слова запазычаннем з герм., але ў гэтым выпадку нельга ’растлумачыць метатэзу ks/sk (Кіпарскі, 95; Брукнер, 631; Фасмер, 1, 357; Шанскі, 1, В, 170 і наст.).