Восем (БРС, Яруш., Бяльк., КТС, Шат.). Рус. во́семь, укр. ві́сім, ст.-рус., ст.-слав. осмь ’восем’, балг. о́съм, серб.-харв. о̏сам, славен. ósem, чэш. osm, славац. osem, польск. ośm, в.-луж. wosom, н.-луж. wosym. Прасл. *osmь ’восем’ — новаўтварэнне ад osmъ ’восьмы’, падобна šestь : šestъ, devętь : devętъ і г. д. (Праабражэнскі, 1, 99; Фасмер, 1, 231). І.‑е. *ok̑tō(u); параўн. літ. aštuonì, лат. astuôni, ст.-інд. aṣṭā́u, aṣtã́, авест. ašta, арм. utʼ, грэч. ὀκτώ, лац. octō, гоц. ahtáu, ірл. ocht, тахар. okadh (Траўтман, 15; Торп, 8; Майргофер, 1, 63). У і.-е. *ok̑tōu ’восем’ бачаць форму пар. л. ад *oketā ’барана’, першапачаткова ’чатырохзубая’ (літ-ру гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама Махэк₂, 419; Шанскі, 1, В, 170; Супрун, Числит., 11 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)