Во́сень (БРС, Нас., КТС, Бяльк., Яруш., Мал., Грыг.). Рус. о́сень, дыял. есень, укр. о́сінь, ст.-рус. осень, серб.-ц.-слав. ѥсень, польск. jesień, чэш., славац. jeseň, балг. есента́, серб.-харв. jȅcȇn, славен. jesȇn (Далабко, ZfslPh, 3, 131). Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. assanis ’восень’, гоц. asans ж. р. ’жніво’, ст.-в.-ням. aran, arn ’ураджай’ (Траўтман, 71; Мейе, Études, 432). Прасл. osenь (Слаўскі, 1, 563). Далей набліжаюць таксама да грэч. ὀπώρᾱ ’канец лета, жніво’ з *op‑osarā ’пасля жніва’ (гл. Фасмер, 3, 158; Праабражэнскі, 1, 661). Трубачоў (Дополн., 3, 159) лічыць малаверагодным набліжэнне да хец. zenn‑ ’канчаць’ у Бенвеніста (BSL, 56, 29 і наст.) і супастаўленне слав. слова з венг. ősz у Махэка₂ (176), паколькі апошняе ўзыходзіць да зусім іншай праформы. Мартынаў (Лекс. взаим., 132 і наст.) разглядае слав. слова як дэрыват ад *os‑ (бел. восць, рус. ость і г. д. ’вусікі на коласе’) з суф. ‑enь, а герм. asani як пранікненне з слав. Інакш Тапароў (Прус., 130 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)