Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́ка1, мн. л. во́чы (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., Яруш., Грыг.). Рус. о́ко, мн. л. о́чи, укр. о́ко, ст.-рус. око, ст.-слав. око, род. скл. очесе, пар. л. очи, польск., чэш., славац. oko, балг. око́, пар. л. очи́, серб.-харв. о̏ко, о̏чи, славен. око̑, род. скл. očȇsa, пар. л. оčȋ, в.-луж. woko, н.-луж. hoko. Прасл. oko, аснова на ‑es у адз. і мн. л., на i‑ ў пар. л. Роднаснымі з’яўляюцца літ. akìs ’вока’, лат. acs, ст.-прус. ackis, грэч. ὄσσε н. р. пар. л. (з *oqi̯e), ст.-інд. akṣī ’тс’, арм. akn, род. скл. akan ’вока, дзірка’, лац. oculus ’вока’, гоц. augȏ, тахар. A ak, тахар. B ek ’вока’, грэч. ὄψομαι ’убачу’, ὄμμα ’вока’ (Траўтман, 4 і наст.; Праабражэнскі, 1, 642 і наст.; Фасмер, 3, 128, Махэк₂, 411). Сюды ж этымалагічна належаць і во́ка ’ляток у калодачным вуллі’ (З нар. сл.); ’прасвет, адтуліна паміж спляценнем нітак у сетцы’ (З нар. сл.); ’лаз у склеп’ (Шатал.). Параўн. чэш. oka ’адтуліна паміж спляценнем нітак у сетцы’, польск. oka ’тс’, а таксама значэнні рус. глазок ’вочкі (сеткі)’; ’ляток’.

Во́кал, во́кала (БРС, Нас., Грыг., Гарэц., КТС), во́кыла (Бяльк.). Гл. вакол.

Во́карак ’кумпяк’ (Вешт. дыс.), во́кырак ’тс’ (Бяльк.). Запазычанне з рус. о́корок ’тс’, аб чым сведчыць тэрыторыя распаўсюджання (Магілёўшчына і некаторыя цэнтральныя ўсходнія гаворкі Палесся).

Во́кідзь ’густы снег, які падае камякамі’ (Янк. III), о́кыдʼ снег, які выпадае ранняй вясной пасля таго, як зімні снег ужо растаў, окітʼ‑ ’вясенні снег, які выпадае на кароткі час і звычайна скора растае’ (Талст., 13). Рус. дыял. о́кидь ’шэрань, іней’, карп. окидь ’іней, лёд, снег на ветках дрэў; вясенні замаразак’ (Талст., 13), мар.-славац. окуď ’сыры снег, які ў вялікім мностве ляжыць на дрэвах’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад окідаць (Махэк₂, 313); не звязана з серб.-харв. кити́на ’камякі снегу на галінках дрэў’, о̀китити ’упрыгожыць’, як гэта лічыць Талстой, 13, таму што яны належаць да гнязда кітка і г. д. (Скок, 2, 73). У семантычных адносінах параўн. вобліў (гл.) галалёдзіца, лёд, якім пры галалёдзіцы пакрываюцца дрэвы’, ад абліць.

Во́кладка (БРС, КТС, Яруш.) ’тронак’ (Шатал.). Запазычанне з польск. okładka ’тс’ або самастойнае ўтварэнне ад акласці, акладу з дапамогай суф. ‑ка.

Во́клік (БРС, Яруш.). Рус. о́клик, укр. о́клик. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад аклікнуць.

Во́кліп (прысл.) ’вярхом, без сядла’ (Нас.). Запазычанне з польск. oklep, na oklep ’тс’, якое ў сваю чаргу да klepać ’удараць, хлопаць’ (Брукнер, 233). У семантычных адносінах параўн. рус. дыял. о́хлябь, о́хлюпя, охлю́пкой, укр. охляп ’вярхом, без сядла’, якія належаць да хлюпать, хлябать ’стукаць, хлопаць’ і сведчаць супраць версіі Карскага (Белорусы, 130) аб сувязі з літ. klypstù, klỹpti ’у час хадзьбы згінаць ногі крыва’.

Во́кліч ’словы, якімі аклікаюць каго-небудзь’ (БРС, Гарэц.). Ад воклік пры дапамозе суф. ‑jь.

Во́кнішча ’акно ў балоце’ (БРС, КТС); ’невялікае, але вельмі глыбокае прыроднае возера’; ’вір на рацэ, возеры’ (Нас., Яшк., Касп.). Лексема пашырана на ўсёй усходнеславянскай тэрыторыі; параўн. рус. дыял. акнишче ’аконца ў дрыгве’, окни́ще ’дрыгва, грузкае месца’, бойк. вікнішче ’прорва, бездань’ (Талстой, Геогр., 207 і наст.). Да акно (гл.) у аналагічным значэнні.

Во́крапна ’трохі боязна’ (КЭС). Гл. акро́пны.