Акно́ 1 (БРС, Касп.), вакно (Нас.), акно ’акно, вока’ (Дабр.), ст.-рус. окъно, рус. окно, укр. вікно, польск. okno, чэш. okno, славац. okno, в.-луж. wokno, н.-луж. hokno, серб.-харв. о̀кно (RHSJ, 8, 821), макед. окно. Хутчэй за ўсё прасл. okno — архаічны прыметнік на ‑no, утвораны ад назоўніка око. Гл. Мерынгер, IF, 16, 125–126, які прыводзіць іншыя індаеўрапейскія прыклады ўтварэння назвы акна ад назвы вока. Фактычна, калі выключыць няўстойлівыя метафары, толькі ў германскіх і славянскіх мовах акно называлася словам, вытворным ад вока (Бак., 469–470). Магчыма, прасл. okno ўзнікла як калька з гоц. augadaúrō (= ’вочныя дзверы’). Прасл. *okna dvьrь з наступным спрашчэннем і вызначэннем родавага паказчыка па зыходнаму назоўніку.
Акно́ 2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах, азёрах’ (КЭС), окна сольныя салёныя азёры’ (Гарб.), вокнішча ’небяспечнае месца ў возеры ці рацэ, што зацягвае ў глыбіню’ (Нас.). Рус. арх. окно ’глыбокае месца ў возеры’, укр. вікно, серб.-харв. о̀кно ’месца на багнах, якое не зарастае і не замярзае’. Усе гэтыя словы звязаны з прасл. oko ’глыбокае месца ў вадзе’ (гл. Безлай, SR, 5–8, 140–141; Ісачанка, Зб. Младэнаву, 313). Параўн. славац. morské oko, серб.-харв. о̏ко ’глыбокае месца ў вадзе’ і літ. ãkis, akatė̃ ’возера, палонка’. Гэта яшчэ балта-славянскае слова Махэк₂ (411–412) звязвае з лац. aqua ’вада’ і іншымі роднаснымі індаеўрапейскімі лексемамі. Не менш верагоднай застаецца сувязь з прасл. oko ’вока’. Параўн. арм. akn дзірка’, ст.-грэч. ὀπή ’адтуліна’ (Покарны, 775–777).