Во́н1 прысл. ’прэч’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., КЭС). Рус. вон, ст.-слав. вънъ, балг. вън, макед. вон ’звонку’, серб.-харв. ва̏н, слав. vèn, чэш. ven, славац. von, ст.-польск. wen, в.-луж. won, н.-луж. wen. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-інд. vánam ’лес’, ст.-інд. месн. скл. адз. л. vá ’ў лесе’. Параўн. аналагічныя літ. laũkan ’прэч, вон’, laukè ’звонку’, якія паходзяць з laũkas ’поле’ (Гл. Зубаты, Studie, 2, 196–198; Гуйер, Введение, 101; Фасмер, 1, 225). Прасл. vъnъ першапачаткова, напэўна, уяўляла сабой він. скл. назоўніка; яно з’явілася яшчэ ў той час, калі дом і вёску акружаў лес, і абазначала паняцце, процілеглае паняццю ’дома, у хаце’ (Шанскі, 1, В, 158; Махэк₂, 683). Іншыя гіпотэзы менш пераканаўчыя; Траўтман (360) узводзіць вънъ да ст.-прус. wins ’паветра’, winna ’вонкі’, winnen він. скл. адз. л. ’пагода’, аналагічныя лат. ârā ’вон, вонкі’, літ. óras ’паветра, пагода’. Як заўважае Фасмер (там жа), у такім выпадку было б цяжка вытлумачыць рус. дыял. сво́ну ’звонку’. Прэльвіц (40), а таксама Сразнеўскі (1, 391) параўноўваюць з грэч. ἄνευ ’без, акрамя, удалечыні’, ст.-інд. anō ’не’, гоц. inu ’без’, ст.-в.-ням. āno, н.-в.-ням. ohne ’без’.

Во́н2, вона́ (займ.) ’ён, яна’ (Нас.), вонэ́ ’яны’ (Шатал.). Ад onъ з пратэт. в. Гл. ён.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)