Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́лецам ’спрытна, згодна’: сталі по́лецам працаваць (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, пераносна ад по́лец ’кавалак’ (гл. полць) — ’як адно цэлае’ (?).

По́ліва ’тое, што трэба палоць або што праполата’ (ТСБМ, Янк. 2, Гарэц., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.). Ад палоць (гл.) пры дапамозе суф. ‑ів‑, які надае значэнне ’аб’ект ці вынік дзеяння’, напр., жацьжаціва ’поле са збажыною’ (Сцяцко, Афікс. наз., 41).

По́лік1 ’божая кароўка’ (гродз., Шат., З жыцця). Паводле Шаталавай (там жа, 171), звязана з палі́к (гл.), укр. пола́к ’вышыты наплечнік жаночай сарочкі’ (з-за стракатасці), параўн. по́лка ’кавалак тканіны’; хутчэй, фанетычна змененае Паўлюк (гл.), параўн. пётра‑паўла ’божая кароўка’, або да поле (гл.): калі пагода, ляці ў поля (там жа, 169).

По́лік2 ’аб’ём у бутэльку’ (Нас.), ’мера спіртнога: паўлітровая бутэлька’ (смал.); параўн. рус. полишка ’палова чаго-небудзь; мера гарэлкі’. Ад *пол‑ ’палова’ (гл. паў-) з памянш. суф. ‑ік па тыпу ўтварэнняў ад лічэбнікаў сямік, асмік, параўн. аналагічныя славен. polič ’кубак’, харв. pòlić ’палова меркі’ і пад.

По́ліўка ’суп; вадкая частка стравы, жыжка’ (ТСБМ), ’рэдкая страва, поліўка’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Нар. сл., Вешт.), ’верашчака’, ’зацірка’, ’бульбяны суп’, ’кісель з аўсянай мукі’ (ЛА, 4), по́леўка, по́лыўка ’малочны суп’ (Сл. Брэс.). Укр. поливка, польск. polewka ’поліўка’, в.-луж. poljewka, н.-луж. polěwka, чэш. polévka ’суп’, славац. polievka ’тс’. Ад по- і ліць (гл.), як помачка ад мачаць; паводле Банькоўскага (2, 687) — няяснае.

По́лішка ’папіхач’ (віл., Сл. ПЗБ). Калі тут не памылка — по́пішка ад папіхаць, экспр. суф. ‑ішк‑ (як запінзапішка), параўн. папі́шка ’штурханне ў дно вяслом’ (Касп.), то, хутчэй за ўсё, да лі́шак, лішка ’лішняе’, г. зн. ’непатрэбнае’.

Полк ’вайсковая адзінка’ (ТСБМ), ’род, племя’ (Бяльк.), ’вельмі многа’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Укр. полк, рус. полк, польск. pułk, ст.-польск. pełk (імя ўласнае Świętopełk), в.-луж. połk, чэш., славац. pluk, серб.-харв. пук ’народ, тлум’, балг. пълк, ст.-слав. плъкъ. Прасл. *pьlkь. Адзінай думкі наконт паходжання гэтага слова няма. Найбольш верагодным лічыцца праславянскае запазычанне гоцкага *fulk(s) ’вайсковы атрад’, параўн. ст.-в.-ням. folc (суч. Volk) — ’народ’, войска’, але гэта не бясспрэчна (Чарных, 2, 53). Векслер (Гіст., 125) тлумачыць адсутнасць пераходу л > ў аднаўленнем л пад уплывам рус. полк. Банькоўскі (2, 526) параўноўвае з лат. palks, літ. pulkas ’мноства, тлум, статак; войска’, pulkáuti ’збірацца ў статак (пра птушак)’, санскр. pr̥nakti ’злучаць’, што сумнеўна (гл. Фасмер, 3, 311). Гл. таксама пулк.

По́лка1 ’кавалак тканіны’, ’пялёнка’ (Ян.), ’пялёнка’ (Жд. 1), ’крысо’ (Сл. Брэс.), ’адно палотнішча (у дзяружцы, мяшку і інш.)’ (ТС), ’посцілка’ (ЛА, 2). Укр. пілка ’полка’, рус. полка ’кавалак тканіны ва ўсю шырыню’, по́лочка ’пярэдняя частка жаночай вопраткі’, славац. polka ’кавалак палатна спавіваць дзіця’, ’адно палотнішча’, балг. полка ’верхняя жаночая вопратка’, ’блуза’. Памяншальная форма ад прасл. *pola, якое ад *polъ ’палова, бок’ (гл. паў-), параўн. польск. poła ’палова’, славац. pola ’полка; крысо’, балг. пола́ ’ніжняя частка вопраткі’, ’палавінка варот’. Гл. пала́.

По́лка2 ’палок у лазні’, ’насціл для сушкі гароху і інш.’ (Ян.). Рус. полка ’паліца’, польск. półka ’тс’. Памянш. да пол2, першапачаткова ’дошка, плашка’; Банькоўскі (2, 689) рэканструюе *polъka ’расколатае напалову бервяно, што служыла паліцай’, што да праслав. *pelti ’раздзіраць на дзве часткі’ з і.-е. *(s)p(h)el‑ ’расколваць’. Ідэнтычнае polъ ’палова; бок, край’, параўн. апо́лак ’крайняя дошка з бервяна’. Гл. паў-, палова.

Полць, польць, полец ’кавалак’ (Нас., Сцяшк. Сл.), пэлць ’тс’; пэльц (лун., Шатал.). Укр. півть, пілть, рус. полть, польск. połeć ’сала, бок тушы; кавалак’, в.-луж. połć ’сала’, чэш. polt ’бок тушы’, славац. pôlt ’шматок сала (вэнджанага)’, славен. plȃt ’рассечаная палова’, балг. платъц ’вялікі кавалак сала’. Прасл. *polъtь, варыянт *poltь ад polъ ’бок’, аснова на як у *nogъtь, *lapъtь (Фасмер, 3, 316). Гл. таксама аполец.

По́лы ’пусты ўнутры, нічым не запоўнены’ (ТСБМ). Рус. полый ’тс’, ’адчынены; раскрыты насцеж’, по́ло ’свабодна, нічым не занята’, стараж.-рус. полъ ’пусты, адкрыты’, ст.-чэш. polo ’полае, пустое месца’. Прасл. *polъ, *polъjь ’адкрыты’, суадносіцца з прасл. *polje (гл. поле), корань і.-е. *pel‑ ’шырокі, адкрыты’ (Чарных, 2, 54). Беларускае слова, хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы.

По́лымя ’агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць’ (ТСБМ), по́лымʼе, по́ломʼе ’тс’ (ТС), сюды ж по́лань (Сл. ПЗБ), по́лынь ’тс’ (Нар. сл.), ст.-бел. поломѧ (XVI ст.). Укр. по́лумʼя, рус. поломя, по́лымя, пламя, польск. płomień, н.-луж. płomje, в.-луж. płomjo, чэш. plamen, славац. plameň, славен. plámen, серб.-харв. пла̏мен, балг. пла́мен, пла́мък, плам, ст.-слав. пламы, пламень. Прасл. *polmy, *polmenь: аснова *polmen‑ (дзе ‑men‑ — суфікс, параўн. пол ’полымя’ (Сл. ПЗБ)), ад *polti, *polěti ’палаць’ (гл. пала́ць); роднаснае літ. pelenaĩ ’попел’, лат. pę́lni ’тс’, ст.-прус. pelanno, літ. pelẽnė ’ачаг’, магчыма, таксама алб. pjalmë ’слуп пылу’ (Фасмер, 3, 273). Паводле Карскага (1, 254), формы з ‑лы‑ другасныя, у выніку аналогіі да слоў тыпу блыха́.