Мача́ць ’акунаць у што-небудзь вадкае або сыпкае’, ’расходаваць што-небудзь мачаннем’, ’вырабляць што-небудзь апусканнем у раствор’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС), лях. ’мачыць’ (Сл. ПЗБ); мачы́ць ’рабіць мокрым’, ’трымаць у мокрым’ (ТСБМ). Укр. моча́ти, мочи́ти; рус. моча́ть, мака́ть, мочи́ть; польск. maczać, moczyć, в.-луж. mačeć, močić, чэш. máčeti, močiti, славац. mačať, močiť, славен. pomákati, močíti, серб.-харв. ума́кати, мо̀чити і мо̀чати, макед. мака, моча, ст.-слав. мочити. Прасл. močiti > močati утвораны ад назоўніка moča, які ўзыходзіць да і.-е. асновы *mok‑ (параўн. прасл. moknǫti): літ. makénti, mak(n)óti ’таптаць гразь, хадзіць па гразі’, makalỹnė ’гразь’, ’слота’, makó ’лужа’, лат. mãkulis ’хмара’, makņa ’гразкае месца’. Відавочна, сюды і асец. moecyn ’пакласці ў вадкасць’ (Міклашыч, 199; Бернекер, 2, 69; Фасмер, 2, 666; Бязлай, 2, 199). Сюды ж мачлі́вый, машлі́вы ’мокры (пра год)’ (жлоб., Нар. словатв.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Ян.), мачы́льня ’месца, дзе мочаць лён, каноплі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)