Апо́лец ’кавалак сала’ (Сцяц., Сцяшк.). Геаграфія ўказвае на магчымасць, а фанетыка (е замест усх.-слав. а) — на верагоднасць таго, што гэта запазычанне з польск. poleć кавалак сала’ з пратэтычным а‑. Усх.-слав.: бел. полць ’палавіна гусі, качкі; палоска сала, выразаная ўздоўж’ (Нас.), польць, пульць ’вялікі кавалак сала’ (Вешт.), полаць ’кавалак сала’, рус., укр. полоть, бел. палаток, рус., укр. полоток ’палавіна (частка) вэнджанай (соленай) тушы гусі і інш.’ Але наогул галосны ў слове полць, полаць не зусім ясны. У аполец ‑ец у выніку дээтымалагізацыі ўсведамляецца як суфікс. Сцяц. (Нар., 65) бачыць тут прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне: а‑пол‑ец па тыпу азадак. Больш падыходзячым быў бы тып акраец; пры такой этымалогіі няясна, што такое *пол у тушы (аполец азначала б ’тое, што з боку — ’полу’), таму гэта версія здаецца менш верагоднай, чым тлумачэнне слова як запазычанага.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)