Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стог ‘вялікая капа сена, саломы’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), дыял. таксама ‘сцірта’, ‘капец’, ‘укладка дроў’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стіг, рус. стог, рус.-ц.-слав. стогъ, польск. stóg, в.-луж. stóh, н.-луж. stóg, чаш., славац. stoh, серб.-харв. сто̂г і сто̏г, славен. stȍg, балг., макед. стог. Прасл. *stogъ ‘сцірта сена, саломы і да т. п., якая ўложана вакол кала, шаста’ < і.-е. *stogo‑, роднаснае ст.-ісл. stakkr ‘стог сена, пласт’, staki ‘кол, жэрдзь’, гл. Младэнаў, 669; Тэрас, ZfslPh, 19, 122 і наст.; Борысь, 579. Параўноўваюць яшчэ з літ. stógas ‘страха’, ст.-прус. steege ‘адрына’, ст.-інд. sthágati ‘укрывае’; Фрэнкель, 911; Траўтман, 288. Супраць Покарны, 1013; гл. Фасмер, 3, 763 з аглядам літ-ры; Шустар-Шэўц, 1159; Бязлай, 3, 319; Махэк₂, 578–579; ЕСУМ, 5, 418. Роднаснае стажар (гл.).

Сто́гнуць ‘выдаваць працяглыя глухія гукі’ (Нас., Байк. і Некр.): на ўси животы стогнець (Нас.). Гл. стагнаць. Сюды ж стогоне́ць ‘гудзець, аддавацца гулам’ (ТС), што можна разглядаць як другаснае пашырэнне асновы, і стогне́ць ‘дрэнна захоўвацца, псавацца’ (ТС) — магчымы ітэратыў да стагнаць з семантыкай ‘дрэнна сябе адчуваць; дрэнна пачувацца’.

Стод ‘бажок, ідал’ (Ласт.), сто́дзік, сто́дзіва ‘статуя’ (там жа). Параўн. укр. арг. стод ‘статуя, фігура’, ‘бог’, стодонь ‘багач’, рус. арг. сто́да ‘царква, ікона; свята’, дыял. ‘ідал’. У якасці крыніцы прыводзіцца ст.-сканд. stoð ‘слуп, калона’ (Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764). Бязлай (Eseji, 139) далучае сюды і зах.-слав. stodor ‘крутая скала; слуп у азяродзе’. Магчыма, сюды ж няяснае каш. štaduna ‘мажная, высокая жанчына’, параўн. баба ‘каменны ідал’ (параўн. SEK, 4, 353). Беларускія словы, відаць, “рэканструяваныя” Ластоўскім на падставе аргатычных форм. Гл. таксама Горбач, Арго, 38.

Сто́ёк ‘парасон’ (Сл. рэг. лекс.). Няясна.

Сто́іць ‘каштаваць, быць вартым’ (Бяльк., ТС), ‘магчы’ (Ян.), сто́іты ‘каштаваць’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. сто́їти ‘тс’, рус. сто́ить, старое польск. stać ‘тс’, чэш. státi, славац. stať, серб.-харв. ста̏ти, ста̏јати, сто́јати, славен. státi ‘тс’. Семантычная інавацыя на базе прасл. *stati, *stojati, магчыма, праз стадыю ‘стаць кагосьці на што-небудзь, змагчы’ > ‘быць вартым, каштаваць’. Параўн. ЕСУМ, 5, 425; Фасмер, 3, 769–770 (мяркуе пра запазычанне з чэшскай або польскай).

Стой, ста, стэ, сты ‘гэты, гэта, гэтыя’ (драг., Сл. ПЗБ), стой ‘гэты; той’ (Сл. Брэс). Гл. сіты, збліжанае з той, та і г. д.; адносна пачатку слова гл. сь, сей.

Сто́йбішча ‘часовае паселішча качэўнікаў’ (ТСБМ, Стан.), ‘месца адпачынку жывёлы на пашы’ (ТСБМ), ‘стойла, стаянка’ (Нар. Гом.), стаўбаві́шча ‘тс’ (Варл.). Дэрываты ад стаяць (гл.) з суф. ‑ішч‑, зыходныя праз назоўнік *стойба, прым. *стаўбавы (< *стаўба).

Сто́йла ‘загарадка для каня, каровы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), сто́йло ‘стаянка, пастой (быдла)’, ‘дрэва з калодай пчол’ (ТС, ПСл), ‘дрэва, на якім устаноўлены вулей’ (ельск., нараўл., Анох.), сто́йла ‘глыбокае месца ў вадаёме, дзе зімуе рыба’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ‘азярод’ (лях., там жа), ‘корань, аснова’ (дзятл., там жа), сто́йліна ‘дрэва, у дупле якога жывуць пчолы’ (лельч., Арх. ГУ), сто́іла (stójiła) ‘месца паўдзённага адпачынку статку на пашы’ (Варл.), сюды ж стойлова́ць, стойлова́цца ‘быць на стаянцы’ (ТС). Укр. стійло, рус. сто́йло. Да стаяць, стаю (гл.), гл. Фасмер, 3, 764. Паводле Лучыца–Федарца (Лекс. Палесся, 186), вузкі ўсходнеславянскі рэгіяналізм.

Сток ‘спад, сцёк’ (Ласт., Бяльк.; беласт., Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе сходзяцца канцы (вобада, абруча і інш.)’ (ТС), сто́кі ‘крыж, сярэдзіна, паясніца’, ‘падстаўка пад вулей’, ‘сутокі’ (Сцяшк. Сл.), сто́чкі ‘сутокі’ (Жд. 3). Укр. стік, сток ‘сутокі’, рус. сток, сто́ки ‘тс’, польск. stok ‘сутокі, скат, сцёк, ручай’. Да цячы, ток (гл.).

Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.