Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.