Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́лікі ’коцікі вярбы’ (Шатал.). Няясна, магчыма, памянш. ад вол (гл.); параўн. у семантычных адносінах коцікі (гл.).

Во́ліць ’упрошваць, пераконваць’ (Нас.). Рус. во́лить ’жадаць, хацець’, ст.-слав. волити, волꙗ хацець, аддаваць перавагу’, польск. wolić ’аддаваць перавагу’, чэш. voliti, славац. voliť ’выбіраць’, славен. vóliti ’тс’. Паводле Фасмера, 1, 338, Махэка₂, 704, звязана з воля (гл.). Роднаснымі з’яўляюцца гоц. waljan ’выбіраць’, ст.-в.-ням. wellan ’тс’, ст.-інд. varáyati ’выбірае, дамагаецца’ (Торп., 400; Уленбек, 272).

Во́лкі ’сыры, вільготны’ (БРС, Нас., КТС, КЭС, Касп.), волкываты ’тс’ (Бяльк.). З *волгкі. Рус. во́лгкий, укр. во́гкий, польск. wilgi, чэш., славац. vlhký, славен. vólgək. Прасл. *vьlgъkъ. Роднаснае літ. vìlgau, vìlgyti ’мачыць’, vìlkšnas ’волкі’, ст.-прус. welgen ’насмарк’, ст.-в.-ням. wëlc ’волкі, мяккі, завялы’, wolchan ’воблака’, ірл. folcain ’мачу’ (Траўтман, 358; Фасмер, 1, 337; Махэк₂, 694). Іншая ступень чаргавання: валога (гл.), ст.-слав. влага.

Во́лміна, волмішча ’прытэрасная частка поймы, некалі і зарослыя старыя рэчышчы, якія акружаны вярбой, вольхай і парэчкамі’ (Жучк.); ’катлавіна, мокрая ўпадзіна з травой’ (Яшк.). Ст.-рус. волмина ўпамінаецца адзін раз у грамаце Варлаама Хутынскаму манастыру (1192 г.); значэнне не зусім яснае. Прыблізна — нейкае ўгоддзе на востраве на р. Волхаў. Бясспрэчна, гэтыя тэрміны звязаны з гідронімам Волма (Кіпарскі, ВЯ, 1956, № 5, 133), які з’яўляецца роднасным ст.-інд. ūrmìs ’хваля’, авест. varəmi‑ ж. р. ’тс’, ст.-в.-ням. walm ’жар’, ст.-англ. wielm ’кіпенне, хваля, цячэнне’; параўн. ст.-польск. welm ’fluctus’ (Фасмер, 1, 339; Развадоўскі, PS, 6, 48 і наст.). Старую этымалогію Міклашыча, паводле якой ст.-рус. волмина супастаўляецца з лац. ulmus ’від вязу, ільма’ (г. зн. яно абазначала нейкае дрэва, падобнае да вязу), адкуль слав. *vъlm‑, падтрымліваюць Ляпуноў і Філін (Філін, Труды Отдела др.-рус. лит., 14, 1958, 590 і наст.). Апошні адносіць сюды рус. наўг. волмяг ’зараснікі вербняку’ і назву грыба ’Agaricus torminosus’ волмяжник, волмяк. Параўн. валмо.

Во́льна ’павольна’ (Нас., Касп.); ’магчыма, дазволена’ (Нас.). Да воля (гл.). Параўн. таксама паволі.

Во́льніца ’звальненне ад прыгоннага права’ (Гарэц., Др.-Падб.); ’месца, дзе робіцца продаж вольнага (не на водкуп) віна’ (Нас., Яшк.). Рус. во́льница ’тс’, польск. wolnica ’свабодны продаж купцамі, якія не належалі да гандлёвага цэха гэтага горада’; ’вольны збор дрэва’, ’вольны ўваход у лес’. У бел. мове, магчыма, як самастойнае ўтварэнне ад вольны, так і запазычанне з рус.

Во́льха (БРС, Кіс., КТС, Шн., 1, Яруш.), вильха́ ’тс’ (Ліс.). Рус. о́льха́, дыял. волюха́, вольха́, ёлха, ело́ха, укр. вільха́, і́льха, ст.-рус. ольха, серб.-ц.-слав. јельха, балг. елха́, серб.-харв. jóha, jóva, дыял. jȅlša, славен. jélša, дыял. ólša, jólsa, чэш. olše, славац. jelša, польск. olcha, olsza, в.-луж. wólša, н.-луж. wolša. Прасл. *jelьxa і *olьxa (Мейе, BSL, 25, 161). Роднаснае літ. al̃ksnis, alksnỹs, alìksnis, ẽlsknis вольха’, лат. èlksnis, àlksnis (Буга, ИОРЯС, 17, 1, 16 і наст.), ст.-в.-ням. elira, erila, н.-в.-ням. Erle ’вольха’, ст.-ісл. ǫlr, alr, лац. alnus ’тс’ (*alisnos); далей збліжаюць са ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты, рыжаваты’ (Бернекер, 1, 453 і наст.; Траўтман, 6). Паводле Персана, 893, ужо ў і.-е. назіралася хістанне *elis‑: *olis‑ (напрыклад, ён прыводзіць ст.-ісл. ǫlr ’вольха’, jǫlstr ’від вярбы’, швед. jälster). Гл. таксама Фасмер, 3, 137 і наст.; Махэк₂, 413; Скок, 1, 772.

Во́ля1 (БРС, Бяльк., Юрч., КТС, Шат., КЭС). Рус. во́ля, укр. во́ля, ст.-рус., ст.-слав. волꙗ, польск. wola, ст.-польск. wolá, чэш. vůle, славац. voľa, балг. во́ля, макед. волја, серб.-харв. во̏ља, славен. vólja, в.-луж., н.-луж. wola. Прасл. volʼa. Роднаснае літ. valià ’тс’, лат. vaįa ’сіла, улада’, ст.-ісл. val н. р., ст.-в.-ням. wala ж. р. ’выбар’, н.-в.-ням. Wahl ’тс’, wollen ’хацець’, ст.-інд. váraḥ ’жаданне, выбар’, авест. vāra‑ ’воля, адбор’, кімр. guell ’лепей’ і звязана, такім чынам, чаргаваннем са ст.-слав. велѣти, рус. довлеть, велеть (Траўтман, 348 і наст.; Праабражэнскі, 1, 95; Фасмер, 1, 348; Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 157 і наст.).

Во́ля2 ’валляк’ (Гарэц., Яруш., Шат., Юрч., КЭС, Бес., Сцяшк., З нар. сл., Шатал.), во́ле (Нас., Бяльк., Шатал.), во́лье (Янк. Мат., Сержп., Грам. 54), во́ло (Клім.). Гл. валлё.

Во́ляк ’селядцовая жыжка’ (Шн., 3). З (в)о‑ і ляк (гл.).

Во́маль прысл. ’мала, малавата’ (Юрч.). Да мал‑. Адносна словаўтваральнай мадэлі гл. вобмаль.