Во́бмаль ’малавата’ (БРС, Янк. I, Бір. Дзярж., КТС, КЭС). Укр. во́бмаль ’тс’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад малы з дапамогай прыстаўкі (в)об‑ і суф. ‑jь або ўтварэнне ад прыметніка вомалы з гэтым жа суф. Магчыма, узыходзіць да старажытнай мадэлі (параўн. серб.-харв. о̏дуг, чэш. obdlouhý, obdloužný, славац. obdlžný, н.-луж. hobdłujki, ст.-польск. obdłužny ’прадаўгаваты’, в.-луж. wobdłuz прысл. ’прадаўгавата’), дзе прыстаўка *ob‑ мае колькаснае значэнне (Трубачоў, Проспект, 66 і наст.). Філін (Зб. Аванесаву, 268 і наст.) адносіць сюды ж і рус. дыял. (паўн.-усх.) прыметнікі і прыслоўі з прыстаўкай о‑ ў тым жа самым значэнні (вокрасный ’чырванаваты’, восинь, восине ’сінявата’ і г. д.), што цалкам магчыма з прычыны частага чаргавання прыставак о‑ (об‑); параўн. таксама бел. і ўкр. вобмаль, вомаль (гл.); усё гэта, відавочна, пацвярджае праславянскі характар гэтых утварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)