Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спрыя́ць ‘садзейнічаць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Сержп. Прымхі). Да прыяць (гл.).

Спрэ́жда ‘спярша’ (Рам. 6), ‘раней’ (Бузук, Спроба, 58). Бузук (там жа) сумняваецца ў паходжанні слова, якое прыпамінае рус.-ц.-слав. прѣжде < ст.-слав. прѣжде ‘раней’. Магчыма, кантамінацыя апошняга з пярэж ‘тс’ (гл.).

Спрэс ‘скрозь’ (ТСБМ, Сцяшк.; навагр., іўеў., пух., Сл. ПЗБ), ‘цалкам’ (Сержп.), спрэ́су ‘зусім’ (Сержп. Прымхі; стаўб., З нар. сл.; Жд. 3), спро́сь ‘скрозь’ (Сцяшк. Сл.). З з‑праз (гл. з і праз). Шуба (Прыслоўе, 52) адзначае, што слова ўспрымаецца ўжо як невытворнае. Няпэўна.

Спрэ́чка ‘спаборніцтва на словах, дыскусія’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр.), спрэ́чны ‘сварлівы’ (Сл. ПЗБ), дзеясловы спрача́цца (ТСБМ), дыял. спрэча́цца (ТС). З польск. sprzeczka ‘тс’ (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай). Сюды ж утворанае на аснове беларускага слова спрэ́ка ‘тс’ (Нас.). Далей гл. прэч.

Спудлава́ць ‘прамахнуцца’ (Касп.), спудлі́ць ‘зрабіць памылку, прамахнуцца’ (Сцяшк. Сл.). З польск. spudłować, pudłować ‘тс’, pudło ‘промах, памылка’ < нова-в.-ням. Pudel ‘памылка’, pudeln ‘зрабіць промах, памылку (пры гульні ў кеглі)’; гл. Кюнэ, Poln., 99; параўн. Брукнер, 447.

Спыні́ць ‘затрымаць’, ‘прыпыніць, перарваць’ (ТСБМ, Др.-Падб.), спыні́ти ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), спыня́ць, спыня́цца ‘затрымліваць, затрымлівацца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), спі́на ‘меры стрымлівання’ (драг., З нар. сл.). Гл. прыпыніць, пыніць.

Спяша́цца. Гл. наступнае слова.

Спяшы́ць ‘імкнуцца хутчэй ісці, рабіць’ (Сл. ПЗБ), спешы́ць ‘тс’ (ТС), спяша́цца ‘тс’ (ТСБМ). Укр. спіши́ти, рус. спеши́ть, ст.-рус. спѣшити, польск. spieszyć się, в.-луж. spěšić, н.-луж. spěšyś, чэш. spíšiti, славен. spẹ̑šiti ‘прыспешваць, паскараць, спяшыць’, балг. спеша, ст.-слав. спѣшити. Прасл. *spěšiti вытворнае ад *spěxъ (гл. спех). Гл. Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1138–1139; Бязлай, 3, 296–297.