Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ручаві́на

1. Перасыхаючая рэчка; сухадольны равок (Слаўг.).

2. Самае хуткае цячэнне (Слаўг.).

ручаёк

1. Малая рэчка (Навагр., Слаўг.).

2. Веснавы, дажджавы, крынічны струмень (Слаўг.).

ручаі́на

1. Перасыхаючы ручай; веснавы ці дажджавы паток (Слаўг., Сміл. Шат.).

2. Вільготнае месца, дзе сочыцца крынічная вада і адкуль пачынае цячы ручай (Рэч., Слаўг.).

руча́й

1. Невялікая рэчка, паток; рачулка (БРС). Тое ж ручэй (Ветк., Крыч., Леп., Лёзн., Маз., Маладз., Паст., Слаўг., Смал. Дабр., Стол.), руччэй, руччэвіна, руччэйка (Слаўг.).

2. Месца, дзе ў зямлі праходзіць ваданосны пласт; крынічная жыла (Стаўбц.).

3. Струмень дажджавой або снегавой вады; пракапаная канаўка кругом хаты (Слаўг.). Тое ж ручэй (Лёзн., Слаўг.), руччэй (Слаўг.).

□ р. Руча́й (Пачайна) у басейне Дняпра (Макс., 86), Дубе́нскі руча́й каля в. Дубня Слаўг., в. Глыбокі Ручэй Мядз., б. х. Халодны Ручэй (1926) каля в. Старынка Слаўг.

ру́чай Быстрая рэчка (Лях. Кап., Слаўг.).

□ р. Сі́ні Ру́чай каля в. Дабранка Слаўг., Аўтула́зкі Ру́чай, Су́ські Ру́чай, Лі́пскі Ру́чай каля пас. Калінаўка Краснап., ур. Ру́чай каля в. Кульшы́чы Слаўг., в. Філіпаў Ручай (з 1727 года) Крыч. (AGAD w Warszawie, Ar, Dział XXV, s. 1935, л. 187).

ручво́ Рэчышча ракі; фарватэр (РБС, 238).

ру́чка Пракос (Нар.).

ру́чча

1. Выгода, прыволле, дзе ўсе ўгоддзі побач (Слаўг.).

2. Месца, дзе працякае ручай (Лёзн., Рэч.).

3. Старое рэчышча ручая з шырокім дном (Лёзн.).

□ ур. Ру́чча (поле, бярэзнік) каля в. Любаны Слаўг.

ручча́ Бязводны летам і пара́ўнальна багаты вясной і ў час паводкі ручай; палявая або лугавінная нізіна (Віц. Нік. 1895).

руччаві́на Пачатак рэчышча ручайка, які выцякае з крыініцы (Віц. Нік. 1895). Тое ж вы́цек (Слаўг.).