Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

разві́ліна Месца, дзе дарога раздвойваецца (БРС). Тое ж разві́лка (Маладз., Рэч., Слаўг., Хойн.), размі́ніна, размі́нка (Слаўг.), раз'е́зд (БРС).

раздаро́жжа Месца, дзе сыходзяцца, скрыжоўваюцца вуліцы, дарогі (БРС).

раздо́р Поле або сенажаць на месцы выкарчаванага лесу (Стаўбц. Прышч.).

□ ур. Раздор (сенажаць) Стаўбц.

разло́г

1. Раздолле, прастор, шыр, даль (БРС). Тое ж раскоша (БРС).

2. Сухадол, роў, яр, шырокая нізіна (Вілен.).

3. Рыхлая, мяккая глеба (Гарад. Касп.).

размы́ў Месца, размытае вадой (Бых., Маг., Слаўг., Чав.).

разо́к Невялікі ўчастак сенажаці, поля; рэз (Сміл. Шат.).

разо́ра

1. Канаўка, жалабок паміж барознамі бульбы, буракоў, які атрымліваецца пры акучванні (БРС). Тое ж разорына (БРС).

2. Глыбокая і шырокая баразна, равочак паміж загонамі пры ворыве ўроскідку або каля мяжы пры ворыве ўсклад (Беш. Касп., Браг., Дубр., Жытк., Кобр., Маз., Рэч., Сал., Слуцк. Сержп. Грам., Стол., Шчуч.). Тое ж разорына (Дубр., Нас.), разор (Лёзн., Смален. Дабр.), разорва (Зах. Бел. Др.-Падб.).