ме́жань
1. Малаводдзе летам у возеры або рацэ (БРС). Тое ж межані́на (Вілен.).
2. Веснавы рух сокаў у дрэвах (Краснап. Бяльк.).
3. Летні час; сярэдзіна лета; касавіца (Смален. Дабр.). Тое ж межані́на (Смален. Дабр.).
мекішы́ Покрыва мяккай травы на нізкіх месцах, у далінах (Жытк.).
мел Мелавыя пласты, залежы мелу, мелавыя капальні (Слаўг.). Тое ж ме́ла (Слаўг.).
□ ур. Мел на беразе р. Пясчанкі каля в. Папоўка Слаўг., ур. Мелавыя горы каля г. Гродна.
мелізна́ Мелкае месца ў рацэ, возеры; мель (БРС). Тое ж меліна́ (БРС), мелкаводзь, мелката́, мялкоцце (Слаўг.).
мель Неглыбокае месца на рацэ, возеры, пясчаны нанос, доўгая каса ў рацэ, сажалцы (БРС). Тое ж ме́льстынь, мялізна́, мялі́на́, мяліня́, мяльстыня́, мяльсты́нь (Нясв.), мялы́нь (Слаўг.).
ме́рва Вязкае, зыбучае балота (Усх. Палессе Талст.).
ме́ргель Сумесь гліны з вапнай Suarga Cretacea (БРС). Тое ж мэ́рге́ль (Слаўг.).
ме́рлевіца Старое рэчышча (Вілен.).
ме́ста
1. Стар. Частка горада, якая знаходзілася за сцяной замка.
2. Горад, мястэчка (Глуск. Янк. I, Жытк., Нясв., Пін. Булг. 196, Хоц. Бяльк.).
3. Рынак (Барыс. і Віц. пав. Шэйн 1886, Віц. і Маг. губ. Галатузаў 1852, Грыг. 1838—1840, л. 24, Жытк., Мсцісл. Бяльк.).
4. Любая прастора на зямлі; пункт (Ветк., Жытк., Мсцісл. Бяльк., Слаўг., Стол.). Тое ж ме́йсца (Мін.), ме́сца (Зах. Бел. Др.-Падб.), ме́сціна, мясці́на (Слаўг.).
5. Павятовы горад (Нас. АУ).
6. Прастол (Нас. АУ).
7. Час (Нас. АУ).
8. Яўрэйскае пасяленне, аселасць (Слаўг.).
□ вул. Ме́ста (частка вёскі Гіжэнка, дзе з 1849 да 1923 г. жыло яўрэйскае насельніцтва) Слаўг., Новае Места за Вострай Брамай — частка г. Нясвіжа за замкам.
ме́та Мяжа, межавы знак, след, лінія, вешка, маяк; межавая насечка на дрэве (Слаўг.); лінія ў дзіцячай гульні (Рэч., Слаўг.). Тое ж ме́цішча (Краснап., Слаўг., Чав., Чэр.).