Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

крыву́ля Завіліна ракі, дарогі, поля, вуліцы (БРС). Тое ж крыву́лі́на́, крыву́лька (Слаўг.), крыву́лькі (Шчуч.).

□ в. Крыву́лькі Шчуч., ур. Крывулі́ каля в. Іванішчавічы Слаўг., ур. Крыво́гарадзь ці Крыву́градзь каля в. Пасека Ст.-дар.

кры́га

1. Сухая і цвёрдая глыба зямлі на раллі (Нясв., Слаўг.).

2. Вялікая льдзіна на рацэ (БРС).

3. Ледаход на рацэ (Дзятлавіцкая вол. Гом. пав. Радч., стар. XI). Тое ж крыгалом (Слаўг.), крыгоміца, кры́жніца (Касп., Уш.), кры́ж'е (Стол.).

крыж

1. Ст.-бел. Пагранічны зямельны знак (Лемц. Айк.).

2. Крыга лёду на рацэ (Жытк.). Тое ж кры́жына (Жытк.).

□ пас. Крыжы Чырв.-Слаб.

крыжава́нне Месца перасячэння дарог (Уш.). Тое ж крыжоўка (Вор., Паст., Сен. Касп.), крыжава́я дарога (Сал., Слаўг.).

□ в. Крыжоўка Мін.

крыжня́к Сасоннік паміж дзвюх дарог (Карм. Зап. Аддз. гум. н., кн. II БАН. Працы 11, 1930, 420).

крыні́ца

1. Струмень вады, які б'е з зямлі (БРС); струмень на адхоне гары (Віц. Нік. 1895); выхад мноства падземных струменьчыкаў на плошчы вялікай ямы карставага паходжання, струменістая калдобіна на ўзвышшы (Пін. Булг., 195, Слаўг.); невысыхаючая лугавая старыца, участак вады на балоце (Ветк., Палессе Талст., Рэч., Ст.-дар.).

2. Капаная студня на нізкім месцы, ад якой цячэ ручаёк (паўсям.).

3. Штучная сажалка. на полі для паення жывёлы (Ст.-дар.).

4. Крынічная прорва на багністым месцы; непраходнае балота (Гродз., Леп. вярхоўе р. Віліі і Бярэзіны ДАБМ, Смал.).

5. Рыбалоўнае месца, невялікае возера (Нас. АУ).

□ воз. Крыніца (1716) каля Жлобіна (ІЮМ XXX, ч. 1, аддз. 1, 85), ур. Крыніцы (паглыбленне з вадой) каля в. Пасека Ст.-дар.

крыні́чышча

1. Месца, дзе была крыніца (Слаўг.).

2. Багаты крыніцамі ўчастак (Слаўг.).

крынь Стар. Крыніца. Тое ж кры́нка (Лемц. Айк.).

□ б. пас. Крынаўга́л (1926) Ржаўскага с/с Слаўг., в. Кры́нкі Сакольскага пав. Беластоцкага ваяводства.

кры́ца Глыба; камяк балотнай жалезнай руды (Грыг. 1838—1840, л. 20, Слаўг.).

□ г. Кры́чаў Маг. вобл., Крычаў (курган) каля г. Турава (Расія, т. 9, стар. 560).