Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

запра́сілле Месца за праслам (Слаўг.). Тое ж запра́слічча, запра́снічча (Слаўг.).

запру́да Невялікі штучны вадаём на рацэ; плаціна, гаць (БРС).

запру́ддзе Месца, абшар па той бок запруды, стаўка (Слаўг.). Тое ж запру́дзік (Слаўг.).

□ в. Запруддзе Сен., ур. Запрудзік (сенажаць за былым стаўком на р. Пацэі) каля в. Бязуевічы Слаўг.

запрэ́тнік Запаведны лес, запаведнік (Арш.).

□ запрэтнік Камароўшчына (лес) каля в. Бабінавічы Арш.

запясо́ч Старана, якая знаходзіцца за пяскамі (Нас. АУ).

запясо́чча Месца за пясчанымі дзюнамі, за пясчанымі ўчасткамі (Слаўг.). Тое ж запясочышча (Слаўг.).

□ в. Запясочча каля г. Турава.

за́раснік Густы лес; густое драбналессе; малады параснік, кусты, нетры (БРС). Тое ж за́расень (Рэч.), за́расель (Лёзн., Слаўг.), за́расль (Лёзн.), за́раслі (Навагр.), зарасня́к (Вор.), за́расцень (Крыч.), за́расць, (Жытк., Слаўг.), за́расля (Усх. Палессе Талст.), зарослае (Лельч.), шалы́знік (Слаўг.), мышнік (Коўна 1566—1567 Ант.).

□ в. За́раслі Круп., х. Зараслі Мядз. (Лемц. Айк.), ур. Крышанова зарасць (поле) каля в. Шаламы Слаўг.

зараўча́к Месца за раўчаком, раўком (Слаўг.). Тое ж зараўчаковішча, зараўчаччо, зараўчэшнік, зараўчакоўнішча (Слаўг.).

□ ур. Зараўчак (поле) каля в. Рудня Слаўг.

заро́вічча Прастора за ровам, па той бок рова (Слаўг.). Тое ж зароўнічча, зароўе, зароўвя, заровінне, зараўчаччо, заровічышча (Слаўг.).

□ вул. Зароўе ў г. Слаўгарадзе і ў г. п. Чэрыкаве (Дэмб. т. II, 139).

заро́г Від рачной затокі (Стол.).