Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІСІ́ДА, Ісет, Ісіс,

у егіпецкай міфалогіі багіня ўрадлівасці, вады і ветру, мараплаўства, сімвал жаноцкасці, сямейнай вернасці. Паводле найб. вядомага міфа І. — жонка Асірыса і маці Гора. Яе культ быў вядомы далёка па-за межамі Егіпта.

т. 7, с. 329

ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),

царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл. Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.

Г.Я.Галенчанка.

т. 7, с. 329

ІСІКА́ВА (Такубоку) (сапр. Хадзімэ Такубоку; 28.10.1885, Хінота, прэфектура Іватэ, Японія — 13.4.1912),

японскі пісьменнік. Уваходзіў у літ. т-ва «Новая паэзія». Вядомасць прынеслі зб-кі «Жменя пяску» (1910), «Свіст і свісток» (1911), «Самотная цацка» (1912). Пісаў у традыц. форме танка і свабодным белым вершам. Паэзія І. шматгранная — ад любоўнай і пейзажнай лірыкі да паліт. вершаў, ад матываў песімізму да твораў, прасякнутых верай у лепшае будучае. Аўтар раманаў «Лёс таленту» (1906), «Наша група і ён» (1912) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1971.

т. 7, с. 329