ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),
царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл. Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.
Г.Я.Галенчанка.
т. 7, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)