ІСМАГІ́ЛАЎ (Загір Гарыпавіч) (н. 8.1.1917, с. Серменева Беларэцкага р-на, Башкортастан),
башкірскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). З 1968 рэктар (з 1978 праф.) Ін-та мастацтваў ва Уфе. З юнацтва спяваў старадаўнія нар. песні, выступаў як кураіст-імправізатар. Сярод твораў: оперы «Салават Юлаеў» (паст. 1955), «Шаура» (паст. 1963), «Гюльзіфа» (1967), «Хвалі Агідэлі» (1972), «Паслы Урала» (1982), «Акмула» (1988); муз. камедыя «Сваячка» (1959); араторыя «Мы пераможцы» (1985); кантата «Я — расіянін»; вак.-сімф. паэма «Бессмяротнасць» (1975); творы для сімф. арк.; інстр. п’есы, цыкл хароў «Слова маці» (1972); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Башкортастана 1967, Дзярж. прэмія Расіі 1973.
т. 7, с. 334
ІСМАІ́ЛА САМАНІ́ МАЎЗАЛЕ́Й у Бухары
(Узбекістан),
помнік сярэдневяковай архітэктуры Сярэдняй Азіі; пахавальня Саманідаў. Пабудаваны ў канцы 9 — пач. 10 ст. Вылучаецца дасканалай гармоніяй арх. формы (1-камерны, квадратны ў плане, цэнтральна-купальны) і дэкору (узорыстая цагляная муроўка на фасадах і ў інтэр’еры).
т. 7, с. 334
ІСМАІЛІ́ТЫ,
прыхільнікі мусульманскай шыіцкай секты, што ўзнікла ў сярэдзіне 8 ст. ў Араб. халіфаце. Назва ад імя Ісмаіл (старэйшага сына 6-га шыіцкага імама), якога І. ў адрозненне ад інш. шыітаў лічылі законным 7-м імамам. У складанай рэліг.-філас. сістэме І. адчувальны ўплыў неаплатанізму, хрысц. гнастыцызму і інш. Вучэнне І. насіла апазіцыйны характар у адносінах да артадаксальнага ісламу. Распаўсюджаны ў Індыі, Пакістане, Іране, Егіпце, Паўн. Афганістане, Усх. Афрыцы, Сірыі, Таджыкістане.
т. 7, с. 335
ІСМАІЛІ́Я,
горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Ісмаілія. Засн. ў 1863 у сувязі з буд-вам Суэцкага канала. 236 тыс. ж. (1986). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Ісмаілія і воз. Тымсах (праз якое праходзіць Суэцкі канал). Насельніцтва ў асноўным звязана з абслугоўваннем канала. Харчасмакавыя, маш.-буд., радыётэхн., хім., металаапр. прадпрыемствы. Ун-т. Музей.
т. 7, с. 335
ІСМАІ́Л I (17.7.1487, г. Ардэбіль, Іран — 23.5.1524),
шах Ірана ў 1502—24, заснавальнік дынастыі Сефевідаў, палкаводзец. Пры ім тэр. дзяржавы Сефевідаў дасягнула найб. памераў: у 1503—10 падпарадкаваны амаль увесь Іран, Арменія, ч. Сярэдняй Азіі, Ірак Арабскі (страчаны ў 1514) і інш. Экспансія І. I на З прывяла да вайны паміж Сефевідамі і Асманамі; у бітве каля Чалдырана (1514) з войскам Селіма I армія І. I разбіта. Заахвочваў развіццё рамяства, гандлю, навукі, культуры, умацоўваў дзярж. апарат. Аб’явіў дзярж. рэлігіяй шыізм. Пісаў вершы пад псеўд. Хатаі.
т. 7, с. 334