Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІРЫГА́ЦЫЯ (ад лац. irrigatio арашэнне, паліванне),

тое, што арашэнне.

т. 7, с. 325

ІРЫГА́ЦЫЯ ў медыцыне,

лячэбная працэдура, якая заключаецца ў арашэнні запаленчай тканкі струменем вады ці лек. вадкасцю. Пашырана ў хірургіі (І. ранавых паверхняў, прамой кішкі і інш.), уралогіі, гінекалогіі і інш. Прылады (цытаскопы, урэтраскопы, спрынцоўкі і інш.), што выкарыстоўваюцца пры І., наз. ірыгацыйнымі (прамыўнымі).

т. 7, с. 325

ІРЫДАЦЫ́ТЫ [ад грэч. iris (iridos) вясёлка + ...цыт(ы)],

ірыдафоры, пігментныя клеткі ў злучальнатканкавай частцы скуры ніжэйшых пазваночных (асабліва ў рыб) і стромы радужнай абалонкі вока ўсіх пазваночных, акрамя млекакормячых. Забяспечваюць адбітак і рассейванне святла. Запоўнены спецыфічнымі адбівальнымі пласцінкамі, якія складаюцца з крышт. пурынаў (гуаніну і гіпаксанціну) і пры пэўнай арыентацыі надаюць многім рыбам, земнаводным і паўзунам серабрысты бляск і блакітнаватую афарбоўку. Форма і размеркаванне пігменту ў І. рэгулююцца гармонамі (меланатрапінам і мелатанінам).

т. 7, с. 325

ІРЫ́ДЫЙ (лац. Iridium),

Ir, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 77, ат. м. 192,22, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​191Ir (37,3%) і ​193Ir (62,7%). У зямной кары 10​−7% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. iris вясёлка) абумоўлена разнастайнай афарбоўкай І. злучэнняў.

Серабрыста-белы, цвёрды і крохкі метал, tпл 2447 °C, tкіп каля 4380 °C, шчыльн. 22650 кг/м³ Хімічна вельмі ўстойлівы. Не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, у т. л. з царскай гарэлкай, шчолачамі. Парашкападобны І. у паветры пры т-ры вышэй за 1000 °C утварае чорны дыаксід IrO2, пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, пры т-ры чырв. напалу — з хлорам і серай. Утварае комплексныя злучэнні, у т. л. з арган. лігандамі. Атрымліваюць з анодных шламаў медна-нікелевай вытв-сці. Выкарыстоўваюць для нанясення ахоўных пакрыццяў, вырабу электродаў, тэрмапар, тыгляў для вырошчвання монакрышталёў лазерных матэрыялаў, паўкаштоўных камянёў і інш., як кампанент сплаваў.

т. 7, с. 325

ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),

каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.

т. 7, с. 325

ІРЫ́НІН (сапр. Бурштын) Барыс Сяргеевіч

(10.8.1893, в. Заплюссе Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 4.4.1964),

рускі паэт-перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Друкаваўся з 1913. З 1938 перакладаў на рус. мову творы ўкр. (А.Малышкі, М.Рыльскага), літ. (А.Венажындзіса, Майроніса), чув. (К.Іванова) і інш. паэтаў. З бел. мовы пераклаў паэму Я.Коласа «Рыбакова хата» (з С.Гарадзецкім і П.Сямыніным, 1949), асобныя творы Я.Купалы, М.Багдановіча (у кн. «Выбраныя вершы», 1940), П.Броўкі (у кн. «Выбранае», 1949), М.Танка (у кн. «Вершы. Казкі. Паэмы», 1953) і інш. Аўтар успамінаў пра Я.Купалу і Я.Коласа.

т. 7, с. 325