ІРЖА́ЎНЫЯ ГРЫБЫ́ (Uredinales),
парадак базідыяльных грыбоў падкл. тэламіцэтэс. 14 сям., 164 роды, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій, пукцынія, траншэлія, ураміцэс, ахрапсора, калеаспорый, кранарцый, мелампсора і інш. Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Узбуджальнікі іржы раслін. Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (пранізвае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця І.г. — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некат. (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы наз. аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных раслінах — рознагаспадаровымі.
В.С.Гапіенка.
т. 7, с. 316
ІРЖА́ РАСЛІ́Н,
хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца ржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.
т. 7, с. 316