ІРМАЛО́ГІЙ, ірмалагіён, ірмалой, ермалой,
зборнік ірмосаў праваслаўнага богаслужэння. Як аднажанравая пеўчая кніга склаўся ў 10 ст. ў Візантыі. Яго структура падпарадкавана сістэме асмагласся; унутры кожнага гласу ірмосы размешчаны ў паслядоўнасці 9 песень канона, выкладзеных знаменным спевам. У Расіі існуюць І. богаслужэбны, з поўнымі слоўнымі тэкстамі канонаў, і пеўчы, які ўключае толькі ірмосы нядзельных і святочных канонаў, сядмічных службаў Акгоіха і інш. песнапенні. Поўны І. уключае каля 1050 ірмосаў. Першыя друкаваныя зб-кі — «Ірмалагіён» (1700, Львоў) і «Ірмалогій нотнага спеву» (1772).
Найб. ранняе ўпамінанне пра бел. І. адносіцца да 15 ст. У канцы 16 ст. на Беларусі і Украіне склаўся тып паўд.зах. І. ў ноталінейным выкладанні. Ён значна багацейшы ў жанравых адносінах, акрамя ірмосаў уключае святочныя песнапенні ўсяго царк. гадавога круга, у т. л. з Актоіха, Святаў і Абіходу, выкладзеныя знаменным, кіеўскім, балг. і мясц. спевамі. Захавалася некалькі дзесяткаў бел. аднагалосых І. 16—18 ст. і больш позніх. Яны вылучаюцца дэмакратызмам, імкненнем да індывідуалізацыі, часам выяўленчасцю мелодыі, выкарыстаннем муз. сімволікі. Вядомы Супрасльскі І. (1598—1601), магілёўскія, віцебскія, віленскія, куцеінскія, нова-іерусалімскія, жыровіцкія, слуцкія і інш. І., выкладзеныя нац. мясц. спевамі, што сведчыць пра існаванне ў тагачаснай Беларусі шматлікіх пеўчых школ. Бываюць І. практычнай накіраванасці (простыя, без аздаблення) і святочныя (па-мастацку аформленыя, багата ўпрыгожаныя застаўкамі, ініцыяламі, мініяцюрамі і інш.).
Л.П.Касцюкавец.
т. 7, с. 324
І́РМІНГЕРА ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў Атлантычным ак. каля паўд. берагоў Ісландыі, зах. адгалінаванне Паўночна-Атлантычнага цячэння. Скорасць 0,2—0,5 км/гадз. Т-ра вады каля 5 °C зімой, 10—12 °C летам. Салёнасць 34,8—35%о. Названа прозвішчам дацкага мараплаўца К.Ірмінгера, які абазначыў і апісаў яго ў 1853—54.
т. 7, с. 324
ІРМО́С (грэч. heirmōs літар. спляценне, сувязь),
першапачаткова страфа, якая злучала біблейскую песню з хрысц. гімнамі (адсюль назва). З 8 ст. — 1-я страфа кожнай з 9 песень канона, метрыка і напеў якой захаваліся ў трапарах (кароткіх прыпевах) гэтай песні. І. падпарадкоўваюцца сістэме асмагласся, адпаведна якой яны размешчаны ў пеўчай кнізе Ірмалогій.
т. 7, с. 324