ІРЫ́ДЫЙ (лац. Iridium),

Ir, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 77, ат. м. 192,22, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​191Ir (37,3%) і ​193Ir (62,7%). У зямной кары 10​−7% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. iris вясёлка) абумоўлена разнастайнай афарбоўкай І. злучэнняў.

Серабрыста-белы, цвёрды і крохкі метал, tпл 2447 °C, tкіп каля 4380 °C, шчыльн. 22650 кг/м³ Хімічна вельмі ўстойлівы. Не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, у т. л. з царскай гарэлкай, шчолачамі. Парашкападобны І. у паветры пры т-ры вышэй за 1000 °C утварае чорны дыаксід IrO2, пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, пры т-ры чырв. напалу — з хлорам і серай. Утварае комплексныя злучэнні, у т. л. з арган. лігандамі. Атрымліваюць з анодных шламаў медна-нікелевай вытв-сці. Выкарыстоўваюць для нанясення ахоўных пакрыццяў, вырабу электродаў, тэрмапар, тыгляў для вырошчвання монакрышталёў лазерных матэрыялаў, паўкаштоўных камянёў і інш., як кампанент сплаваў.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)