ІМЯ́ ў цывільным праве.
Даецца чалавеку пры нараджэнні і служыць сродкам індывідуалізацыі асобы ў грамадскім жыцці. Права на І. — неад’емнае права грамадзяніна, замацаванае Міжнар. пактам аб грамадз. і паліт. правах 1966. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін набывае і ажыццяўляе правы і абавязкі пад сваім імем, якое ўключае прозвішча і ўласна L, а таксама І. па бацьку. У выпадках і парадку, прадугледжаных законам, грамадзянін можа выкарыстаць псеўданім, перамяніць І. Грамадзянін, які памяняў І., мае права патрабаваць унясення за свой кошт адпаведных змен у дакументы, аформленыя на яго ранейшае І. Атрыманае грамадзянінам І. пры нараджэнні, а таксама перамена яго, падлягаюць рэгістрацыі ў органах ЗАЦСа.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 217
ІМЯНІ́Н,
вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Драгічын, 94 км ад Брэста. 780 ж., 317 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магілы партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 7, с. 217