ІМГЛА́, сухі туман,
памутненне ніжніх слаёў атмасферы ад мноства завіслых цвёрдых часцінак (дыму, гары, пылу). Бачнасць пры І. зніжаецца ад 1 км да некалькіх соцень і дзесяткаў метраў. Характэрна для пустынных і стэпавых раёнаў пры эрозіі глебы і пылавых бурах, узнікае пры лясных і тарфяных пажарах, вулканічных вывяржэннях. У вял. гарадах бывае гарадская І., выкліканая антрапагенным забруджваннем паветра (гл. Смог). На тэр. Беларусі здараецца толькі ў ціхае надвор’е, пераважна ў вял. гарадах (у Мінску — да 12 дзён за год), радзей пры пажарах на тарфяніках і ў лясах.
т. 7, с. 208