Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІМБЕЦЫ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. imbecillus слабы),

форма разумовай недаразвітасці; займае сярэдняе становішча паміж ідыятыяй і дэбільнасцю. Характарызуецца замаруджаным і непаслядоўным мысленнем, коснаязыкасцю, здольнасцю авалодаць толькі элементарнымі навыкамі. Гл. ў арт. Алігафрэнія.

т. 7, с. 208

ІМБІ́Р (Zingiber),

род кветкавых раслін сям. імбірных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Паўд. Афрыцы, Аўстраліі. Найб. вядомы І. звычайны (Z. officinalis).

Шматгадовая травяністая трапічная расліна выш. да 1 м. Лісце ланцэтнае. Кветкі фіялетава-жоўтыя, стэрыльныя, у кароткіх, падобных на колас, суквеццях. Сухое карэнішча мае прыемны духмяны пах і пякучы смак, спажываецца ў кулінарыі як прыправа і ў харч. прам-сці для араматызацыі (варэнне, лікёры і інш.).

Імбір аптэчны.

т. 7, с. 208