ІМШАНЕ́ЦКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 8.1.1905, Кіеў),
расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Акад. Рас. АН (1962, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі ун-т (1926). З 1930 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР (у 1949—85 дырэктар). Навук. працы па біялогіі, марфалогіі, эксперым. зменлівасці мікраарганізмаў, пра іх ролю ў кругавароце рэчываў, касм. біялогіі. Атрымаў поліплоідныя культуры дражджэй Candida і некат. бактэрый. Даследаванні І. маюць практычнае значэнне ў вытв-сці ферментаў, антыбіётыкаў, спірту і інш.
Тв.:
Микробиология целлюлозы. М., 1953;
Экспериментальная изменчивость микроорганизмов. М., 1956.
т. 7, с. 217
ІМША́НКІ (Bryozoa),
клас беспазваночных жывёл. 4 атр., каля 20 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4 тыс. Пашыраны ўсюды марскія і прэснаводныя формы. Жывуць пераважна прымацаванымі манаморфнымі (прэснаводныя) ці паліморфнымі (марскія) калоніямі. На Беларусі найб. трапляюцца 3 віды. Нагадваюць мох, водарасці або студзяністыя цяжы.
Даўж. калоній да 20 см, складаюцца з мікраскапічных асобін (заоідаў), заключаных у вапнавую, хіцінавую або студзяністую ячэйку (цыстыд). Сістэмы органаў спрошчаныя. Гермафрадыты. Жывяцца мікраарганізмамі і арган. часцінкамі. Садзейнічаюць ачышчэнню вадаёмаў як фільтратары, але імі абрастаюць і засмечваюцца гідратэхн. збудаванні.
т. 7, с. 217
ІМША́РА, амшара, амшарына,
мохавае балота, пераважна вярховае, часам з журавінамі, кустамі, дрэвамі, азярцом на ім. У некат. раёнах Беларусі І. наз. неўрадлівыя месцы. якія параслі мохам.
т. 7, с. 217
ІМША́РНІЦА, андрамеда (Andromeda),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным і арктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі І. шматлістая — (A. polifonia). Нар. назвы дурэц, тухлянка. Расце ў забалочаных хвойных лясах, на сфагнавых балотах.
Шматгадовая, вечназялёная кусцікавая расліна выш. 6—40 см. Сцяблы тонкія, ляжачыя, чырвона-бурыя з буравата-шэрымі галінкамі. Лісце чаргаванае, лінейна-авальнае або ланцэтападобнае, скурыстае, знізу лямцавае з завернутымі краямі. Кветкі белавата-ружовыя, з яйцападобна-гарлачыкавым зрослапялёсткавым вяночкам і чырв. чашачкай на паніклых кветаножках. Цвіце ў маі—чэрв. Плод — 5-гнездавая шматнасенная каробачка. Лек., фарбавальная (дае чорную фарбу) і таніданосная расліна. Лісце мае ядавіты гліказід, небяспечны для авечак і коз.
т. 7, с. 217