Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУН

(Hūns) Карл Фрыдрыхавіч (Карл Фёдаравіч; 13.12.1830, Мадліена Огрскага р-на, Латвія — 28.1.1877),

латышскі жывапісец і графік, адзін з заснавальнікаў лат. Рэаліст. мастацтва. Акад. (1868), праф. (1870) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1852—61). У 1863—71 жыў у Парыжы. Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1873). Працаваў пераважна ў гіст. і быт. жанрах («Хворае дзіця», 1869; «Сцэна з Варфаламееўскай ночы», 1870; «Папаўся!», 1875). Адзін з першых як прафесійны мастак звярнуўся да ўласна лат. тэматыкі («Латышскі батрак за абедам», 1863, і інш.). Пісаў партрэты.

т. 5, с. 534

ГУ́НБ’ЁРН

(Gunnbjørn),

гара на У Грэнландыі, у хр. Уоткінса. Выш. 3700 м (найвыш. пункт в-ва Грэнландыя і ўсёй Арктыкі). Складзена з базальтаў, што выступаюць над ледзяным покрывам. Названы ў гонар першаадкрывальніка Грэнландыі Ульфсана Гунб’ёрна.

т. 5, с. 534

ГУ́НДАРАВА Наталля Георгіеўна

(н. 28.8.1948, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1971). Працуе ў маск. т-ры імя Маякоўскага. Яе мастацтву ўласцівы жыццёвая сіла і натуральнасць, сцэн. тэмперамент, эмацыянальная прывабнасць. Сярод роляў: Кацярына Ізмайлава («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.Ляскова), Эма Гамільтан («Вікторыя» Г.Рэтыгана). З 1973 здымаецца ў кіно: «Салодкая жанчына», «Асенні марафон» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1981), «Аднойчы праз дваццаць гадоў», «Сабачы баль», «Нябёсы запаветныя», «Курыца» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1984 (за тэатр. работы) і прэмія Ленінскага камсамола 1978.

т. 5, с. 534

ГУ́НДУЛІЧ

(Gundulić) Іван (9.1.1589, г. Дуброўнік, Харватыя — 8.12.1638),

харвацкі паэт. Паходзіў з арыстакратычнага роду. Атрымаўшы выдатную адукацыю, займаў высокія грамадскія пасады ў Дуброўніцкай рэспубліцы. Дэбютаваў у 1610 перакладамі твораў Т.Таса, Банарэлі і інш. Пісаў лірычныя (паэма «Сарамлівы закаханы») і рэліг.-дыдактычныя (зб. «Спевы пакорлівыя цара Давіда», 1621, і інш.) творы, міфалагічна-пастаральныя п’есы (найб. вядомая — «Дубраўка», паст. 1628). Вяршыня творчасці — эпічная паэма «Асман» (1621—38; апубл. 1826), прысвечаная перамозе польскага войска над турэцкім у бітве пад Хоцінам (1621), прасякнутая ідэяй адзінства ўсіх славян і хрысціян.

Тв.:

Рус. пер. — Осман. Мн., 1969.

Літ.:

Зайцев В.К. Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И.Гундулича «Осман». Мн., 1969.

І.А.Чарота.

т. 5, с. 534

ГУ́НІЯ Валяр’ян

(Валіко) Леванавіч (21.1.1862, с. Экі, Цхакаеўскі р-н, Грузія — 31.7.1938),

грузінскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1933). З 1882 у груз. драм. трупе ў Тбілісі. Акцёр яркага тэмпераменту, глыбокай думкі. Ствараў рознахарактарныя вобразы: Како («Како разбойнік» паводле І.Чаўчавадзе), Кароль Лір, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Аўтар п’ес (першая — «Незаконнанароджаны», 1882), лібрэта да опер. З 1913 здымаўся ў кіно.

т. 5, с. 534

ГУНО́

(Gounod) Шарль Франсуа (17.6.1818, Парыж — 18.10.1893),

французскі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў франц. оперы 19 ст. Чл. Ін-та Францыі (1866). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1836—38). Рымская прэмія (1839) за кантату «Фернан». У 1840—43 жыў у Італіі, Вене, Германіі. У 1843—48 царк. арганіст і рэгент у царкве Замежных місій у Парыжы, пісаў духоўную музыку. У 1870—75 жыў у Лондане, з 1871 дырыжор Каралеўскага хар. т-ва. Сярод ранніх опер («Сафо», 1850; «Акрываўленая манашка», 1854) вылучаецца камічная опера «Лекар паняволі» (паводле Мальера, 1857). Гуно — заснавальнік новага жанру ў франц. оперным мастацтве — лірычнай оперы. Яго лепшы твор — опера «Фауст» (1859; 2-я рэд. — з рэчытатывамі замест размоўных дыялогаў, 1869), у якой кампазітар адмовіўся ад філас. праблематыкі літ. крыніцы (аднайм. трагедыя І.В.Гётэ) і зрабіў акцэнт на любоўную драму гераіні. Ён інтанацыйна абнавіў оперу, звярнуўшыся да меладычнага строю тагачаснага быт. раманса. Сярод інш. твораў: оперы «Мірэйль» (1863) і «Рамэо і Джульета» (паводле У.Шэкспіра, 1865); 4 араторыі, кантаты, месы, рэквіем і інш. творы для хору з арк.; 2 сімфоніі (1854, 1855); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы; больш за 200 рамансаў і песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Выступаў як муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Комбарьё Ж. А.Тома и Ш.Гуно // Французская музыка 2-й половины XIX в.: Пер. с фр. М., 1938;

Harding J. Gounod. New York;

London, 1973.

т. 5, с. 534

ГУНТУ́РУ,

Гунтур, горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш, у дэльце р. Крышна. Каля 500 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Цэнтр гандлю тытунём. Прам-сць: тытунёвая, баваўняная, харч., цэментная. Саматужныя прадпрыемствы па вырабе прадметаў хатняга ўжытку.

т. 5, с. 535

ГУ́НЫ

(грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),

качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаў Паўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх. Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах. Рым. імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.

В.С.Пазднякоў.

т. 5, с. 535