ГУЖАВЫ́ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляюцца жывёлы (коні, валы, вярблюды, буйвалы, аслы, мулы, алені, сабакі і інш.). Падзяляецца на колавы і санны. У Беларусі да 19 ст. гужавы транспарт быў асн. відам сухап. перавозкі пасажыраў і грузаў на далёкія адлегласці. Развіццё чыгуначнага і аўтатранспарту выцесніла гужавы транспарт. Цяпер яго выкарыстоўваюць пераважна ў сельскай мясцовасці для перавозак людзей і грузаў на невял. адлегласці.
т. 5, с. 522
ГУЖАЛО́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч
(н. 2.7.1934, Баку),
бел. педагог: Д-р пед. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Азерб. ін-т фіз. культуры (1957). З 1962 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, з 1995 — прарэктар. Даследуе праблемы тэорыі і методыкі фіз. выхавання, спарт. трэніроўкі, масавай фіз. культуры. Аўтар прац «Фізічная падрыхтоўка школьніка» (1980), «Сёння і кожны дзень» (1983), «Фізічнае выхаванне ў школе» (1988, з Я.М.Ворсіным), «Стадыён у двары» (1991) і інш.
т. 5, с. 522
ГУЖО́Н
(Goujon) Жан (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),
французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.
т. 5, с. 522