Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУ́ГА

(Hugo) Густаў (1764—1844),

нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.

т. 5, с. 518

ГУ́ГЕЛЬ Адольф Самойлавіч

(н. 3.6.1915, Вена),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1976). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940). Аўтар тэматычных карцін «Ідуць на фронт» (1943), «Кастусь Каліноўскі» (1958, з Р.Кудрэвіч), «Восеньскі роздум» (1982), «Партызанам Беларусі прысвячаецца» (1984, з Кудрэвіч), «Дзеці вайны» (1985), пейзажаў «Вясна ў Вязынцы» (1985), «Тут быў млын» (1988), «Восень у Лошыцы» (1995), нацюрмортаў «Півоні» (1963), «Вясновы» (1992), «Сланечнікі» (1995), партрэтаў «Калгасны пастух» (1960), «Італьянка» (1994), «На яснай паляне» (1996) і інш. Творы адметныя трывалай кампазіцыйнай пабудовай, дакладнасцю малюнка і тыпажу, дынамікай колеру.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 518

ГУГЕНО́ТЫ

(франц. huguenots ад ням. Eidgenossen саюзнікі),

прыхільнікі кальвінізму (пратэстантызму) у Францыі ў 16—18 ст., якія дамагаліся ажыццяўлення Рэфармацыі. Належалі пераважна да трэцяга саслоўя (правінцыяльная буржуазія і рамеснікі), а таксама да дваранства і феад. знаці, незадаволенай цэнтралізатарскай палітыкай каралеўскай улады. З 1562 па 1594 франц. католікі вялі крывавыя войны з гугенотамі; барацьба паміж імі атрымала назву гугеноцкіх або рэлігійных войнаў (гл. таксама Варфаламееўская ноч). Заваяваныя гугенотамі ў гэтых войнах рэліг. і паліт. правы былі замацаваны ў Нанцкім эдыкце 1598. У 17 ст. рэпрэсіі супраць гугенотаў аднавіліся. Ганенні на іх прывялі да разбурэння структур франц. пратэстантызму, да масавай адмовы і пераходу гугенотаў у каталіцтва, эміграцыі больш за 250 тыс. гугенотаў у інш. краіны. Барацьба гугенотаў за свабоду сумлення вымусіла Людовіка XVI у 1787 прызнаць правы пратэстантаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 дэкрэтам 1791 прынцып свабоды сумлення быў замацаваны канчаткова і ганенні на гугенотаў спыніліся.

т. 5, с. 518

ГУГЕНО́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

адна з назваў войнаў паміж католікамі і гугенотамі ў Францыі ў 16 ст., гл. ў арт. Рэлігійныя войны.

т. 5, с. 518

ГУГНІ́Н Мікалай Аляксандравіч

(н. 28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія),

бел. мастацтвазнавец, педагог, графік. Канд. мастацтвазнаўства (1982). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага ун-та (1970) і выкладае ў ім. Даследуе гісторыю і праблемы развіцця бел. кніжнай графікі. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5, 1992), Працуе ў станковай графіцы: каля 70 кніжных знакаў (1966—89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы золак» (1970), «Слабада», «Дарога на Лучосу» (абедзве 1988), «Верасень» (1994), «Ранішні снег» (1996) і інш. У творчасці пераважае пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў, някідкія каларыстычныя інтанацыі («Зіма. Богаяўленскі сабор», 1993).

М.Л.Цыбульскі.

т. 5, с. 519

ГУГО́ КАПЕ́Т

(Hugues Capet; каля 940 — 24.10.996),

французскі кароль з 987, заснавальнік дынастыі Капетынгаў. Выбраны каралём пасля смерці Людовіка V Каралінга (гл. Каралінгі) пры падтрымцы буйных свецкіх і духоўных феадалаў. Улада Гуго Капета над усёй Францыяй была намінальнай і фактычна распаўсюджвалася толькі на землі яго дамена (Іль-дэ-Франс з Парыжам і Арлеанам).

т. 5, с. 519

ГУГУ́Н,

мастацкі музей у Пекіне. Засн. ў 1914 як сховішча найбагацейшых калекцый кіт. мастацтва. У складзе Гугуна зборы карцін, бронзавых вырабаў, скульптуры, помнікаў ювелірнага мастацтва і маст. рамёстваў. Размешчаны ў комплексе «Старажытных палацаў» (б. імператарскай рэзідэнцыі) у цэнтры «Забароннага горада» — найб. старажытнай ч. Пекіна.

т. 5, с. 519